Ад 23 жніўня ў кінатэатрах Мінска можна ўбачыць мультыплікацыйную працу «Паранорман, або Як прыручыць зомбі», створаную метадам лялечнай анімацыі.

Студыя Laika, якая падарыла свету мультфільмы «Труп нявесты» і «Караліна ў краіне кашмараў», свае праекты стварае з дапамогай лялечнай анімацыі.

Прыём просты: лялькі-акцёры і дэкарацыі фатаграфуюцца кадр за кадрам, з-за чаго ўзнікае ілюзія руху, а малюнак выходзіць аб’ёмны і рэалістычны.
Новая праца студыі — «Паранорман» — зробленая такім жа метадам, які можа паслужыць прынадай для гледача. Аднак яшчэ больш прыцягвае ўвагу жанр і стыль мультфільма.
Як і названыя «Труп нявесты» і «Караліна», у свой час намінаваныя на «Оскар», анімацыйны фільм «Паранорман» мае змрочную стылістыку: тут сустрэнуцца персанажы-мерцвякі, месцамі чорны гумар і замагільны свет, які больш чым рэальны.
Але калі ў стандартных хорарах гледача хочуць запалохаць, то ў гэтых мультфільмах, наадварот, паказаць усё злавеснае ў камічным, далёка не жахлівым выглядзе. Мультфільмы у першую чаргу ствараюць для дзяцей, якія больш за ўсё баяцца цёмнага невядомага боку жыцця.
«Паранорман» і яму падобныя праекты пазбаўляюць ад гэтага страху, кажучы дзіцяці: монстры — гэта пацешна.
Галоўны герой мультфільма — хлопчык Норман, у якога ёсць незвычайны дар — бачыць зданяў.
Ад сваіх здольнасцяў дзіця не ў захапленні. Аднак калі на гарадок Нормана нападаюць жывыя мерцвякі, дар хлопчыка дапамагае выратаваць жыхароў. Пастаноўшчыкам анімацыі выступіў Сэм Фэл, які раней зняў мультфільм «Змывайся».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?