У Рэдакцыю звярнуўся Віталь Гуляк. «Я — гей», — пачаў ён з гэтага.

27 ліпеня ён дамовіўся сустрэцца ў Мінску з хлопцам, з якім пазнаёміўся ў сацыяльных сетках. У анкеце мінчука значыўся ўзрост — 18 гадоў. Але падчас перапіскі высветлілася, што толькі 16. Тым не менш, прызначылі спатканне. Калі Віталь чакаў знаёмца каля кінатэатра «Аўрора», да яго падбеглі некалькі чалавек. «Не менш за дзясятак», — удакладняе ён. Некаторыя з іх былі ў масках. У аднаго ў руках быў фалаімітатар, іншы ўсё здымаў на відэа.

Віталя схапілі, некалькі разоў ударылі па твары.
Гэта ўсё бачна на відэа, якое выставілі ў інтэрнэце. Малады чалавек пачаў клікаць на дапамогу, але ніхто з мінакоў не адрэагаваў. Экспертыза пасля зафіксавала ўдар сківіцы.
З Віталём размаўлялі некалькі хлопцаў. Яны апелявалі, што ён — педафіл і прапаноўваў інтым 16-гадоваму падлетку.
Малады чалавек адзначае, што такая размова сапраўды прысутнічала ў сацсетках. Але ні пра які гвалт не вялося. Віталь не хавае сваёй нетрадыцыйнай арыентацыі. Але не педафіл. І катэгарычна асуджае педафілаў.
Крымінальным кодэксам РБ адказнасць за сэкс з непаўналетнімі прадугледжваецца толькі ў тым выпадку, калі гэтая асоба не дасягнула 16 гадоў альбо ў выпадку гвалтоўных дзеянняў.

У выніку ён падаў заяву ў міліцыю. Там да сітуацыі паставіліся сур’ёзна. Не выключаюць, што можа быць заведзена нават крымінальная справа. А пакуль міліцыя праводзіць праверку, справа аб адміністрацыйных правапарушэннях не кваліфікаваная згодна з пэўнымі артыкуламі. Могуць прысутнічаць некалькі артыкулаў: дробнае хуліганства, нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, распаўсюджванне матэрыялаў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці, абраза.

Удзельнікі суполкі «Скураны мікрафон», што напалі на Віталя, пазіцыянуюць сябе як «паляўнічыя на педафілаў».
У відэазвароце адзін з арганізатараў такога «палявання» кажа: «Чаму ў нас няма падстаў іх лавіць? …Калі Госпад нешта робіць, няхай ён робіць гэтымі рукамі альбо рукамі такіх самых людзей, як і я. У праваахоўных органаў і так шмат задач стаіць па падаўленні злачыннасці. Будзем жорстка спыняць. Будзем жорстка паляваць. І ў нас на гэта ёсць сілы, дух і цвярозасць розуму».
Маладым людзям з суполкі — прыкладна па 25 гадоў (не ва ўсіх у акаўнтах пазначаны ўзрост). Імёны кіраўнікоў суполкі — адкрытыя, на іх старонках ёсць фотаздымкі. Адшукаць гэтых людзей нескладана.

Сітуацыя рэдкая. Дарослы чалавек прапануе інтым падлетку — вялікае пытанне маралі. Фармальна ўсё законна. Але невядома, чым могуць скончыцца ў псіхалагічным плане для непаўналетняга такія кантакты. І хто тады будзе адказваць. Закон жа не забараняе такую сувязь.

З другога боку, самасуд. Хлопцы хочуць засцерагчы дзяцей ад распусты. Але самі не ўсведамляюць, як гэта рабіць, не парушаючы закон.

У той жа час, рэдкі выпадак, — гей у такой сітуацыі спрабуе абараніць свае правы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?