Сваімі меркаваннямі на гэты конт падзяліўся намеснік міністра архітэктуры Дзмітрый Семянкевіч. Паводле яго словаў, асаблівы патэнцыял ёсць у праспекта Пераможцаў у раёне Нямігі.

«На маю думку, вышыннае будаўніцтва дапушчальнае ў Мінску на праспекце Пераможцаў, дзе цяпер узвялі будынак на месцы былой кавярні „Рэчанька“ [Royal Plaza — заўв аўт.], — адзначае Дзмітрый Семянкевіч у інтэрв’ю газеце „На будоўлях Мінска“. — Але яно не павіннае быць адзінкавым, там трэба стварыць добры архітэктурны ансамбль з такіх жа хмарачосаў. Гэта могуць быць гатэлі, аб’екты гандлю, якія падкрэсліваюць выразнасць ансамблю».

Паводле словаў Дзмітрыя Семянкевіча, у савецкія часы Мінск пачынаў працу па стварэнні схемы размяшчэння вышынных будынкаў, але яна не была скончаная. Цяпер да гэтай ідэі вярнуліся: Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва сумесна з інстытутам «Мінскграда» заканчваюць распрацоўку такой схемы.

Гаворачы пра патэнцыял цэнтра горада, намеснік міністра адзначыў: у вышынным будаўніцтве мусіць быць пэўная сістэмнасць. І прывёў адмоўны вопыт Парыжа, дзе стратэгія хмарачосаў у свой час пацярпела фіяска. Там быў узведзены толькі адзін вышынны будынак, які практычна пачаў знішчаць цэнтр горада.

Падобны прыклад Дзмітрый Семянкевіч назваў і ў Мінску — жылы дом «Ля Траецкага»:

«Я лічу вялікай горадабудаўнічай памылкай вышынны жылы дом над Свіслаччу, які пабудаваны з удзелам маскоўскіх інвестыцый. Ён візуальна скараціў прастору зялёнай зоны ракі Свіслач, зрабіў яе дваровай тэрыторыяй і практычна знішчыў маштаб Траецкага прадмесця «.

Чаму да гэтага часу не рэалізаваны праект «Мінск-Сіці»?
У Дзмітрыя Семянкевіча на гэты конт ёсць уласнае меркаванне:

«Тэма падрыхтоўкі пляцоўкі для інвестара ў нас ні ў горадзе, ні ў рэспубліцы не адрэгуляваная. Вопыт Еўропы і Кітая паказвае, што менавіта органы мясцовай улады рыхтуюць пляцоўку для інвестара. Кітайцы называюць гэтую зямлю „чыстай зямлёй“. Інвестар купляе яе з улікам усіх выдаткаў, якія горад панёс на падрыхтоўку пляцоўкі, і адразу ж прыступае да рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. У нас жа інвестар трапляе ў сеткі адміністрацыйных працэдур, пачынае вырашаць пытанні з уласнікамі, зносам будынкаў — выконваць функцыі, яму не уласцівыя. У Кітаі кошт чыстага зямельнага ўчастка з пазаквартальнай інфраструктурай можа складаць 60–80% кошту ўсяго праекта. І інвестары плацяць за гэта, вырашаюць пытанні, у тым ліку і па будаўніцтве сацыяльнага жылля».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?