Фільм, які пазіцыянаваўся як першы беларускі маладзёжны серыял і з-за якога разгарэўся скандал паміж аўтарамі і ПРААН, з’явіўся сёння на YouTube.

Раней сцэнарыст фільма Андрэй Курэйчык у інтэрв’ю charter97.org, заявіў, што «Вышэй за неба» ў яго першапачатковым, як задумвалі сцэнарыст і рэжысёр, выглядзе не прайшоў цэнзуру — яго адмовіліся паказваць на Беларускім тэлебачанні.

У сувязі з гэтым аўтарская група фільма зрабіла заяву: Сёння мы з рэжысёрам са здзіўленнем даведаліся, што ў сетцы інтэрнэт на папулярных сайтах з’явілася рабочая версія фільма «Вышэй неба».

Аўтарская група да гэтага факта адносін не мае. Мы шкадуем, што ў сеціва трапіла не фінальная версія фільма, а толькі этап працы над ім.

Разам з тым Андрэй Курэйчык заяўляе, што чыніць перашкоды распаўсюду фільма не будзе.

* * *

У канцы красавіка, як паведамляла НН, вакол фільма разгарэўся скандал паміж замоўцамі (Прадстаўніцтва ААН у Беларусі) і сцэнарыстам Андрэем Курэйчыкам.

«Фільм гатовы, але ўвесь відэашэраг належыць ААН, мы не маем на яго ніякіх правоў, — казаў карэспандэнту НН Курэйчык.
— Мы не можам паказаць яго нідзе. Магчыма, гэта звязана з тым, што фільм выйшаў няпросты.
Праваўладальнікі хацелі «пракаціць» фільм па дзяржаўных каналах, але там ёсць людзі, якіх па БТ не паказваюць, — «Ляпісы», Вайцюшкевіч, Хаменка».

Курэйчыка падтрымлівае рэжысёр фільма Дзмітрый Марынін і частка творчай групы. Група згодная на кампраміс —

хай па БТ пакажуць «парэзаную» версію, адзінае, каб дазволілі паказваць стужку на кінафестывалях:
«У нас там жорсткі фільм, ніякай палітыкі, але ўздымаюцца іншыя праблемы: правы чалавека, заробкі. Хай нам дазволяць яго паказваць. Гэта не пытанне грошай — фільм дабрачынны, і за пракат мы не атрымаем нічога. Аднак мы абяцалі якаснае кіно, мы яго зрабілі».
«Якія чорныя спісы? Гэта глупства абсалютнае. ААН — міжнародная арганізацыя», —
так каментаваў заявы Курэйчыка каардынатар інфармацыйнай дзейнасці Праграмы развіцця ААН у Беларусі Уладзіслаў Хількевіч.

Паводле яго словаў, дзвюхгадзінны аднасерыйны фільм, зроблены Курэйчыкам, у ПРААН не бачылі. Дый

гаворка не ішла пра здымкі такога фільма. Серыял «Вышэй за неба», паводле дамовы, мае быць 8-серыйны,
па 44 хвіліны кожная серыя. І цяпер творчая група мантажуе з адзнятага «сырога» матэрыяла кіно патрэбнага фармату.
«Андрэй Курэйчык быў сцэнарыстам. Ён напісаў цудоўны сцэнар, мы разлічыліся за яго, —
казаў Хількевіч. — Але цяперашнія спробы паказваць сваю версію копію нагадваюць пірацтва.
Умовай донараў — Глабальнага фонду па барацьбе са СНІДам і малярыяй, які даў мільён даляраў на серыял, — было тое, што фільм спачатку пакажуць па дзяржаўных каналах.
Каб некалькі мільёнаў чалавек маглі пабачыць гэта кіно».
Падобна, у аснове канфлікту ляжаць не палітычныя прычыны, а сутыкненне інтарэсаў. Але канчаткова ўпэўніцца ў гэтым можна будзе толькі на свае вочы, калі серыял пакажуць па тэлебачанні.
Праца з фільмам, абяцаюць у ААН, будзе скончаная сёлета.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?