На «Беларусьфільме» пачаліся здымкі сямейнага фэнтэзі-фільма «Кіндэр-Вілейскі прывід». За аснову сцэнара ўзятая славутая навэла Оскара Уайлда. «Наша Ніва» звязалася з рэжысёрам Аленай Туравай (дачкой рэжысёра Віктара Турава), каб даведацца падрабязнасці.

«Наша Ніва»: Якім будзе сюжэт фільма?

Алена Турава: Гэта не экранізацыя Уайлда, гэты фільм здымаецца па матывах навэлы. Жанр дакладней за ўсё можна вызначыць як музычную камедыю з элементамі готыкі.

Мы перанеслі падзеі ў наш час, у Вілейскі раён, дзе збіраюцца пабудаваць дзіцячы парк атракцыёнаў на месцы старой сядзібы. Але ў самой сядзібе жыве прывід,
які, зразумела, вельмі незадаволены гэтым праектам. Тым больш, што ў сядзібу засяляецца прадзюсар, яго жонка і дзеці. Як і ў Уайлда, мы ўздымаем праблемы бацькоў і дзяцей, сутыкнення старога і новага. У выніку перамагае — здаровы, добры пачатак.
Гэта фільм пра тое, што ніякія грошы не могуць замяніць адвечных каштоўнасцяў, кшталту сям’і.

НН: Ці складана было перанесці сюжэт Уайлда ў сучасную Беларусь?

АТ: Тэксту Уайлда там няшмат.

Мы пакінулі пэўныя рэплікі, парадоксы і захавалі стылістыку.
Калі памятаеце, у навэле амерыканец купляе сядзібу, у якой жыве прывід. Калі яго папярэджваюць пра гэта, ён кажа: «Файна, у мяне будзе дом з уласным прывідам!». Пачынае выкарыстоўваць прывіда як фішку. Вось і
нашыя персанажы, калі ўпэўніваюцца, што ў доме ёсць прывід, імкнуцца зрабіць з гэтага сваеасаблівы шоу-бізнэс.

НН: Дзе адбываюцца здымкі?

АТ: Пакуль у павільёнах «Беларусьфільма», аднак

будзем працаваць і ў адным доме, дзе, па словах мясцовых жыхароў, таксама ёсць нешта тагасветнае.
Месцазнаходжанне дома я, самі разумееце, назваць не магу.

НН: Якая беларуская спецыфіка прысутнічае ў фільме?

АТ: Увесь

фільм зроблены беларусамі — 100 працэнтаў акёрскага складу, сцэнарый, музыка — усё беларускае.
Мы не звярталіся да Расіі, робім сапраўдны нацыянальны праект.

НН: А як, напрыклад, расійскі глядач зможа зразумець, што падзеі адбываюцца ў Беларусі?

АТ: Ніякіх

дранікаў і вышыванак у фільме не будзе. Мы лічым, што Беларусь — гэта цэнтр Еўропы, мы хочам паказаць, што ў нас ёсць нармальнае паўсядзённае жыццё, еўрапейскія каштоўнасці
і еўрапейскі светапогляд. Мы не збіраемся даганяць і абганяць Галівуд, і гэта ніякі не «наш адказ Гары Потэру» — як у нас любяць казаць. Мы здымаем па іншых канонах — у нас галоўнае не экшн, ці бойкі, хутчэй — акцёр, сцэнарый, музыка. Цалкам свая манера падачы матэрыяла.

НН: Ці будуць у фільме спецэфекты?

АТ: Натуральна, яны, дарэчы, таксама, як і ўсё астатняе, ствараюцца ў Беларусі — мы не звярталіся ў Расію альбо Тайланд. Частка з іх ствараецца на «Беларусьфільме», частка нашымі майстрамі, з якімі нам ужо даводзілася супрацоўнічаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?