Вопіс правялі тры судовыя выканаўцы агульных судоў у прысутнасці двух панятых — супрацоўнікаў ЖЭСа.
Пошук панятых заняў працяглы час, таму што жыхары дома адмаўляліся выконваць гэту ролю, даведаўшыся, што справа звязана з палітыкай.
Як паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка, офіс не апячатаны.
«Таму пакуль праваабарончы цэнтр будзе працаваць тут.Колькі будзе доўжыцца такая сітуацыя — дзень, тыдзень або месяц, будзе залежаць ад далейшых судовых рашэнняў», — сказала яна.
Разам з тым, зазначыла Равяка, праваабаронцы ўсведамляюць, што офіс будзе канфіскаваны. «Таму мы зараз шукаем памяшканне, у якім будзе размешчаны новы офіс. Праваабарончая работа такая, што працаваць асобна па сваіх кватэрах мы не зможам», — сказала яна. Равяка паведаміла, што асабліва важнай будзе праца ў агульным офісе падчас парламенцкіх выбараў, за ходам якіх праваабаронцы будуць актыўна назіраць.
Жонка старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук заявіла, што лічыць вопіс маёмасці незаконным, як і рашэнне суда ў дачыненні да мужа.
У гэтым офісе «Вясна» размяшчалася 11 гадоў.