«Калі вы жадаеце атрымаць высокі бал на выпускным экзамене, не адцягваючы пры гэтым увагу ад сапраўды важных рэчаў, як ЦТ і паступленне ў ВНУ, то гэта група для вас!»— напісана ў адной з суполак «Укантакце».
Назва суполкі гаворыць сама за сябе — «Найлепшыя шпоры па найніжэйшых цэнах». І такіх прапановаў у адным толькі «Кантакце» з дзясятак.
Шпаргалкі ўяўляюць сабой зменшаныя копіі зборнікаў экзаменацыйных матэрыялаў (рашэбнікаў, пераказаў, дыктовак). Яны лёгка змяшчаюцца ў далоні (памер — 5*7 см).
Гандляры шпаргалкамі — пераважна школьнікі і студэнты малодшых курсаў (ёсць нават стараста групы).Асцеражнейшыя «бізнэсоўцы» хаваюцца пад нікамі. А некаторыя — цалкам рэальныя асобы, асабістую інфармацыю і фота якіх можа праглядзець любы ахвочы. У тым ліку — міліцыя і кіраўніцтва адукацыі.
Аднак калі асцерагацца першых ёсць сэнс, то настаўнікі наўрад ці падымуць лямант, даведаўшыся пра
Не сакрэт, што школьныя экзамены ў былым СССР спісвалі ўсе і заўсёды. Ці шмат у вас знаёмых, якія здавалі выпускныя іспыты «чэсна»? Гэта не Нямеччына, дзе такое проста не прынята, бо не прынята падманваць увогуле.
«Пра тое, што іспыты ў школах — гэта, можна сказаць, прафанацыя, ведаюць усе, хто працуе ў сістэме адукацыі»,— адзначаў вядомы рэпетытар Яўген Лівянт у адным з інтэрв’ю.
«Купцы» таксама не надта баяцца гневу настаўнікаў. Школьнікі з рэгіёнаў пішуць у суполках свой дакладны хатні адрас, абы хутчэй атрымаць «тавар» па пошце.
Выпускныя экзамены ў Беларусі пройдуць з 1 па 12 чэрвеня. Таму цяпер у гандляроў — разгар сезону, і кошт шпаргалак рэзка вырас. Калі ў інтэрнэце быў пазначаны кошт 15 тысяч рублёў, то па тэлефоне гандляр гаворыць пра 25 тысяч. Такім чынам,
за «камплект» з чатырох прадметаў 9 класа (беларуская і расейская мовы, гісторыя і матэматыка) давядзецца выкласці 100 тысяч рублёў.Такія ж кошты і для 11 класа.
Высокая канкурэнцыя прымушае прадпрымальных маладзёнаў выкарыстоўваць розныя маркетынгавыя «фішкі». Напрыклад, даваць зніжкі гуртовым купцам (гэта калі спісваць будзе ўвесь клас) і рабіць бясплатную дастаўку па Беларусі.
Попыт на тавар ёсць — на сценцы суполкі амаль штогадзіны з’яўляюцца паведамленні кшталту «тэрмінова патрэбныя шпоры па белмове! Заўтра экзамен».
Ці можна разбагацець на «шпорах»? Ацаніць прыбыткі гандляроў складана.
Калі прыкінуць, што хаця б палова ўдзельнікаў суполкі (а гэта 250 чалавек) набудуць шпаргалкі па адным прадмеце, то выручка складзе больш за 6 мільёнаў рублёў.