Ліст з такой назвай прыйшоў на электронны адрас рэдакцыі onliner.by. «Сталічныя ўлады плююць на закон і мараль, калі гаворка ідзе пра высяленне простых грамадзян з «залатых» дамоў у цэнтры Мінска, — кажуць жыхары вуліцы Рэвалюцыйнай. — Чаму выганяюць людзей з гістарычнага цэнтра? Дзяржава для народа? Ці банальны перадзел уласнасці з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу? Людзей проста ставяць перад фактам: «Вы — лішнія. Гэта больш не ваш дом, а наша будаўнічая пляцоўка!». Карэспандэнты Onliner.by выехалі на месца канфлікту.

Галіна і Аляксандр Каржанеўскія

Галіна і Аляксандр Каржанеўскія

Рэвалюцыйная, 24. 3-павярховы дом з чыгуннымі кратамі на балконах — сведка трох стагоддзяў, пра што нагадвае шыльда на сцяне.

Падымаемся на трэці паверх у кватэру № 13, дзе нас ужо чакаюць Галіна і Аляксандр Каржанеўскія.

Кватэра тут незвычайная. Доўгі калідор, 4-метровая столь. Раней тут жылі тры сям’і, цяпер засталося дзве. З выгляду — падабенства камуналкі, па факце — сумеснае домаўладанне, дзе квадратныя метры знаходзяцца ў прыватнай уласнасці.

— Тут пасялілася бабуля мужа адразу пасля Вялікай Айчыннай. Можна сказаць, з гэтымі сценамі звязаны лёс чатырох пакаленняў, — кажа Галіна Каржанеўская. — 

Але апошнія 19 гадоў спакойнага жыцця нам не даюць. Дзве атакі мы ўжо адбілі: адну ў сярэдзіне 90-х, другую ў пачатку 2000-х. Абодва разы на нашую ўласнасць прэтэндавалі бізнэсоўцы. А цяпер чыноўнікі і «Мінская спадчына».

У 2001 годзе жыхары Рэвалюцыйнай, 24 даведаліся, што іх дом прызнаны аварыйным і пагражае абвалам, пра што дакументальна сведчыць рашэнне гарвыканкама. Чыноўнікі патрабавалі не марудзіць з адсяленнем.

— Мы здзіўляліся. Будынак на той час хоць і не ведаў капітальнага рамонту 40 гадоў, але быў, як і цяпер, у нармальным стане, — запэўнівае Галіна Каржанеўская. — Што ні кажыце, у XIX стагоддзі ўмелі будаваць сумлена. А праз некаторы час даведваемся: наш дом хочуць перадаць ва ўласнасць фірме «Верытэкс-М».

— Мінулае дзесяцігоддзе даказала ілжывасць усіх здагадак і экспертыз, — кажа Аляксандр, муж Галіны. — Нягледзячы на «аварыйны стан», вызваленыя кватэры дзяржава выкарыстоўвала пад службовае жыллё, засяляліся нежылыя памяшканні, а ў цокальным паверсе да гэтага часу працуе кавярня.

Толькі пасля зваротаў у КДК і Мінбудархітэктуры ўдалося даказаць, што пагрозы для пражывання няма, а дому патрабуецца ўсяго толькі капітальны рамонт. Жыхары заклікалі на дапамогу экспертныя арганізацыі. У тэхнічным заключэнні ААТ «Будкомплекс» ад 2007 года гаворыцца: у цэлым стан асноўнай часткі будынка не выклікае асцярогі — дэфармацый, зрухаў, дэфектаў, якія сведчаць пра страту апорнай здольнасці, не выяўлена. У дома адзін істотны дэфект — прыбудова, якую пры жаданні можна аднавіць за некалькі дзён.

Нягледзячы на гэта, у 2008 годзе Мінгарвыканкам прымае рашэнне па адчужэнні дома № 24 на карысць КУП «Мінская спадчына», жыхарам зноў прапануюць перасяляцца. А ўлетку 2011-га ААТ «Белкомплекспраект» дае сваё заключэнне, пацвярджаючы аварыйны стан помніка архітэктуры, з якім Каржанеўскія катэгарычна не згодныя.

Чатыры сям’і ўжо змянілі месца жыхарства, яшчэ чатыры рыхтуюцца да пераезду. Каржанеўскія і жыхары яшчэ трох кватэр здавацца не збіраюцца і шукаюць справядлівасці ў судзе. Пакуль, праўда, беспаспяхова.

— На нас аказваюць псіхалагічны ціск. Калі ў 90-х прыходзілі амбалы з пагрозамі, то цяпер у ходзе іншыя метады, — кажа Галіна. — Адказчык запрашае ў суд органы апекі, і мы чуем, што мы дрэнныя бацькі, калі прымушаем дачку жыць у аварыйным доме.

— Чыноўнікі як бы і не саромеюцца намякаць: жыхароў выганяюць з нашага і іншых дамоў на вуліцы Рэвалюцыйнай толькі затым, каб пасля рэканструкцыі прадаць гэтыя плошчы іншым уласнікам, — сцвярджае Аляксандр. — Натуральна, нам, звычайным грамадзянам, якія пражылі тут усё жыццё, яны ўжо будуць не па кішэні. Нас высяляюць на ўскраіны, такім чынам капіюючы «маскоўскі варыянт» захопу зямлі ў цэнтры Мінска.

Жыхары Рэвалюцыйнай турбуюцца і пра лёс сваіх дамоў. На іх думку, перадача будынкаў іншаму ўласніку, «Мінскай спадчыне», прывядзе да іх знішчэння. Прыклады таго ўжо ёсць: знесеныя дамы № 17 і № 24а — помнікі архітэктуры XIX стагоддзя.

З балкона Каржанеўскіх адкрываюцца віды на стракаты «казачны горад» — муляжы гістарычнай забудовы Нямігі. Аляксандр і Галіна задумаліся: няўжо і іх дом спасцігне такая ж «рэстаўрацыя»?

Суседні дом № 26 таксама трапіў пад адсяленне. Сёння ён робіць панурае ўражанне. Дзверы на другім паверсе завараныя металічнымі прутамі. Зусім нядаўна гэтыя кватэры служылі прыстанкам валацугаў.

У адной з кватэр жыве сям’я, якая дамагаецца рынкавай ацэнкі сваёй уласнасці. Не заспеўшы гаспадароў дома, мы пайшлі далей. Дом № 28 цалкам адселены. Рэстаўрацыя яго зацягнулася, а ахова пакідае жадаць лепшага. Час ад часу сюды наведваюцца бамжы. Статус помніка архітэктуры не надта турбуе яго часовых насельнікаў: у кастрычніку мінулага года ў будынку здарыўся пажар.

Дом № 32 выглядае сапраўды аварыйным:
сцены пайшлі расколінамі, столі трымаюцца на падпорках. Як ні дзіўна, але там яшчэ жывуць людзі.

У 1985 годзе гэты дом быў рэканструяваны, а ў 2008-м літаральна за метр ад яго пачалося будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу на Нямізе. З таго часу будоўля наносіць гістарычнаму помніку сур’ёзную шкоду.

— Аднак замест таго каб спыніць самаўпраўнасць забудоўшчыкаў, чыноўнікі прызналі дом нежылым і вырашылі выселіць незадаволеных жыхароў у «хрушчоўкі» з няяснымі перспектывамі на атрыманне іншага жылля, — кажа Наталля Сержановіч. — Ствараецца ўражанне, што разбурэнне дома вядзецца наўмысна і планамерна з адзінай мэтай — вызваліць памяшканні, рэканструяваць іх і перапрадаць утрая даражэй.

Жыхарка дома № 32 Галіна Калашнікава дамагаецца рынкавай кампенсацыі кошту кватэры. Да дэвальвацыі яе аднапакаёўку плошчай 43 квадратных метры ацанілі прыкладна ў 280 млн рублёў (паводле старога курсу — каля 88 тысяч, сёння — 35 тысяч даляраў). З такой сумай пенсіянерка катэгарычна не згодная.

— Мы не спрабуем атрымаць выгаду. Мы проста хочам, каб нас пакінулі ў спакоі і далі магчымасць жыць у сваіх прыватызаваных кватэрах, — выкладае калектыўны пункт гледжання Наталля Сержановіч. — Але ў адказ усе суды, аж да Вярхоўнага, падтрымалі чыноўнікаў, спасылаючыся на тое, што ўсе парушэнні закона неістотныя.

Якая пазіцыя чыноўнікаў?
Адсяленне сем’яў з дамоў № 24, 26 і 32 — справа часу, лічыць начальнік аддзела жыллёвай палітыкі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Анастасія Сабірай:

— Большасць людзей з Рэвалюцыйнай мы паспяхова перасялілі. А некалькі сем’яў заўпарцілася і занялі глухую абарону. Каржанеўскія адмаўляюцца разглядаць якія-небудзь варыянты. У іх ва ўласнасці 92,95 кв.м, а мы прапанавалі ім чатырохпакаёвую кватэру плошчай 103,3 м побач з Севастопальскім паркам на вул. Алешава, 1. Там амаль новы дом. Але яны не адказваюць на лісты, не прыходзяць на прыём, не перадаюць тэхпашпарт і рэгістрацыйнае пасведчанне, без якіх нельга правесці рынкавую ацэнку кватэры. Так таксама нельга. Усё ідзе да прымусовага высялення…

Анастасія Сабірай працягвае:

— Калашнікавай прапаноўвалі кватэру на вуліцы Жукоўскага — жанчына ад яе адмовілася, вынікі ацэнкі яе жылля яе не задаволілі. Дыялог зайшоў у тупік. Падобная гісторыя з сям’ёй Сержановіч. Давядзецца перасяляць людзей у часовы жылы фонд, пакуль дом канчаткова не паваліўся.

— Што будзе з дамамі на Рэвалюцыйнай і чаму іх рамонт нельга весці без адсялення жыхароў?

— Да 2014 года Рэвалюцыйная павінная стаць пешаходнай, сюды хлынуць турысты. Да дамоў на такіх вуліцах ва ўсім свеце выстаўляюцца асаблівыя патрабаванні, — кажа галоўны інжынер «Мінскай спадчыны» Міхаіл Жых. — І захаванне за імі жылой функцыі ў цяперашнім выглядзе вельмі непажаданае. Разумею людзей, якія правялі тут усё жыццё, але і з інтарэсамі горада час лічыцца.

У «Мінскай спадчыне» лічаць, што на першых паверхах варта размясціць буцікі, майстэрні мастакоў. Другія і трэція паверхі, магчыма, пераробяць у апарт-гатэлі.

— У свой час у Мінску дапусцілі памылку, пакінуўшы жылыя кватэры ў Траецкім прадмесці, — лічыць Міхаіл Жых. — Не да месца гэта там, патэнцыял тэрыторыі выкарыстоўваецца не на 100 адсоткаў. Рэвалюцыйная ж будзе цалкам пераробленая для патрэбаў турыстаў.

Узімку 2008 года ў Мінску разгарэўся падобны канфлікт. Тады чыноўнікі хацелі адсяліць людзей з вуліцы Карла Маркса. Жыхары дамоў падключылі юрыстаў, заклікалі на дапамогу СМІ. Скандал выйшаў не на жарт — галоўнаму архітэктару Мінска Віктару Нікіціну давялося нават публічна выбачыцца.

Жыхары Рэвалюцыйнай лічаць, што ў іх выпадку чыноўнікі ўлічылі папярэднія памылкі і абралі новую тактыку:

каб пазбавіць людзей уласнасці, гарадскія ўлады спецыяльна гадамі не выдаюць дазволу на рамонт дамоў у гістарычным цэнтры Мінска, а затым прызнаюць жыллё аварыйным і патрабуюць адсялення людзей.

— Паўстае пытанне пра службовае злачынства, прыцягненне да адказнасці тых, хто давёў да такога стану гістарычныя помнікі, — кажуць людзі, якія звярнуліся ў рэдакцыю. — Бітва за Рэвалюцыйную яшчэ не завершаная, і мы заклікаем усіх сумленных людзей падтрымаць нас і не даць чыноўнікам ажыццявіць згубны план, які канчаткова знішчыць адну з самых прыгожых і каштоўных гістарычных тэрыторый нашага горада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?