Уладзімір Ляхоўскі напісаў кнігу «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. — 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.)». Гісторык расказаў пра некаторыя аспекты свайго даследавання.
«НН»: Хто ж такія гоманаўцы і гайсакі?
Уладзімір Ляхоўскі: Я акрэсліў пачатак беларускага моладзевага руху са стварэннем беларускай групы «Гоман» пры расійскай рэвалюцыйнай арганізацыі «Народная Воля» пасля задушэння антырасійскага паўстання на тэрыторыі Літвы і Беларусі ў 1864 годзе. А гайсакі — моладзевая суполка, якую стварыў паэт і журналіст Заходняй Беларусі Уладзіслаў Казлоўскі. Яна мела скаўцкі і спартовы напрамак.
«НН»: Вы звяртаецеся да часоў, калі тэрыторыя Беларусі знаходзілася ў складзе Расейскай імперыі, пад нямецкай акупацыяй, у складзе Польшчы… Які з перыядаў быў найбольш неспрыяльным для дзейнасці?
УЛ: Самымі неспрыяльнымі ўмовамі для грамадскай чыннасці былі савецкія часы — нават падчас правядзення новай эканамічнай палітыкі.
Фактычна да 1924 года быў зачышчаны ўвесь грамадскі сектар на тэрыторыі Савецкай Беларусі.Можна казаць толькі пра нейкія краязнаўчыя гурткі. А што тычыцца палітычных і проста грамадскіх небальшавіцкіх устаноў — яны былі знішчаны.
«НН»: Вы пішаце пра этнічных татараў, літоўцаў, немцаў у шэрагах беларускіх нацыянальных арганізацый…
УЛ: Так.
Беларускі нацыяналізм нельга змяшчаць толькі ў рамкі этнакультурнага беларускага патрыятызму.
Рух за беларускую незалежнасць, за эмансіпацыю беларускай культуры ахапіў людзей неабыякавых да ідэй дэмакратыі розных нацыянальнасцяў. Узгадаем хаця б віленскую немку Юльяну Мэнке, літоўца Арнольда Дыліса. Андрэй Кубецкі меў татарскае паходжанне, з польскімі каранямі быў пляменнік Янкі Лучыны Антон Неканда-Трэпка, было нямала расейцаў і габрэяў.
У кнізе змешчана больш за 200 ілюстрацый. Многія з іх — унікальныя, друкуюцца ўпершыню.
Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. — 1-й палове ХХ ст. (да 1939 г.) / Уладзімір Ляхоўскі. — Вільня: Інстытут Беларусістыкі / Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2012. — 484 с.