Запуск беларускага касмічнага спадарожніка запланаваны на 7 чэрвеня, паведаміла крыніца ва ўрадзе.

Трэба адзначыць, што дата запуску спадарожніка неаднойчы пераносілася. Так, напрыклад, яго планавалася запусціць у першым квартале 2011 года, затым размова ішла пра другі квартал, затым называлі першую палову 2012 года.

У снежні першы намеснік старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Пётр Віцязь, выступаючы ў Савеце Рэспублікі, канкрэтызаваў: старт беларускага спадарожніка запланаваны на канец сакавіка — пачатак красавіка 2012 года. Паводле яго слоў, спадарожнік дыстанцыйнага зандавання Зямлі гатовы і прайшоў наземныя выпрабаванні.

Разам з тым, адзначыў Віцязь, расійскі бок замовіў праграмнае забеспячэнне ў брытанскай фірме, якое дала збой. "Таму было прынята рашэнне праверыць усё паўторна", — растлумачыў вучоны.

Беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў касмічнай сферы было падпісана ў Мінску 15 сакавіка 2011 года. Плануецца, што цэнтр кіравання палётам беларускага спадарожніка будзе дзейнічаць у Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі (АІПІ) НАНБ. У Плешчаніцах (Лагойскі раён, 70 км ад Мінска) ствараецца камандна-вымяральны пункт. Завершана мадэрнізацыя прыёмнай антэны на даху будынка АІПІ НАНБ, якая стваралася для працы са спадарожнікам "БелКА". Яго запуск летам 2006 года з касмадрома Байканур быў няўдалым. Цяпер антэна ў стане прымаць інфармацыю ад беларускага спадарожніка і шэрагу расійскіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?