Памёр Джым Маршал — стваральнік славутай маркі гукаўзмацняльнай апаратуры.
5 красавіка памёр Джым Маршал — стваральнік адной з самых вядомых марак узмацняльнай апаратуры. Узмацняльнікамі Marshall дагэтуль карыстаюцца тысячы музыкаў.
У 1960-я бубнач Джым Маршал працаваў у музычнай краме, дзе рэгулярна выслухоўваў ад гітарыстаў скаргі на дрэнныя ўзмацняльнікі. Стаміўшыся ад нараканняў, Маршал паспрабаваў дапрацаваць узмацняльнік маркі Fender. Атрымалася настолькі ўдала, што ўжо ў канцы 60-х «маршаламі» карысталіся ўсе больш-менш знаныя музыканты ад The Who да Deep Purple.
Джым Маршал памёр у веку 88 гадоў. Разам з Леа Фэндэрам і Лесам Полам ён лічыцца адным са стваральнікаў сучаснай музыкі, прынамсі, знакаміты «гук 60-х» без апаратуры Маршала ўявіць немагчыма.