У 2011 годзе геолагі адкрылі на тэрыторыі Беларусі новыя радовішчы нафты, паведаміў 29 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік дырэктара дэпартамента па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Боеў.

Летась геолагі праводзілі рэгіянальныя даследаванні, пошукавыя работы на наяўнасць нафты і газу, цвёрдых карысных выкапняў і падземных вод. Галоўнымі вынікамі гэтай працы, паводле слоў Боева, з’яўляюцца адкрыцці новых радовішчаў нафты ў Гомельскай вобласці.

«Прасвідраваўшы 11 тысяч 250 метраў пошукавага бурэння, геолагі адкрылі два радовішчы нафты — Шацілкаўскае ў Светлагорскім раёне і Новаказанскае ў Калінкавіцкім, таксама дзве залежы нафты на Паўднёва-Вішанскім радовішчы Акцябрскага раёна», — паведаміў прадстаўнік Мінпрыроды.

Акрамя таго, пачата бурэнне глыбокай свідравіны Шумяцкая-1 праектнай глыбінёй 5.100 метраў, а ў Прыпяцкім прагібе падрыхтаваны да бурэння чатыры нафтаперспектыўныя структуры.

Даследаванні праводзяцца ў адпаведнасці з праграмай асваення радовішчаў карысных выкапняў і развіцця мінеральна-сыравіннай базы Беларусі на 2011–2015 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?