Аляксандр Лукашэнка 23 лютага падпісаў указ № 100 «Аб мерах па ўдасканальванні ўліку і скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасці», паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Гэты дакумент уяўляе сабой новую рэдакцыю ўказа ад 3 лютага 2006 года № 70 «Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці».

«Яго выданне абумоўлена складанасцямі, выяўленымі пры прымяненні на практыцы норм указа № 70, і неабходнасцю спрашчэння працэдур адабрання пустых і старых жылых дамоў у сельскай мясцовасці, якія безгаспадарча ўтрымліваюцца, а таксама актывізацыі жыллёвага будаўніцтва ў сельскіх населеных пунктах», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Указам захаваны існуючыя падыходы да спынення правоў уласнасці на пустыя і старыя жылыя дамы выключна ў судовым парадку.
Пры гэтым удакладняюцца прававыя падставы і парадак аднясення жылых дамоў да ліку пустых або старых, скасоўваюцца асобныя працэдуры, якія не мелі істотнага значэння і не ўплывалі на прыняцце рашэнняў аб накіраванні такіх дамоў ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, іх зносе або аднаўленні для выкарыстання па прызначэнні.

Згодна з указам, да ліку пустых могуць быць аднесены жылыя дамы, размешчаныя ў сельскай мясцовасці, у дачыненні да якіх на 1 студзеня кожнага года ёсць дакладныя звесткі аб тым, што на працягу апошніх трох гадоў запар асобы, якія маюць права карыстання імі, жывуць у іх у сукупнасці менш чым адзін месяц у годзе, і ў дачыненні да якіх не прадстаўлены пісьмовыя паведамленні аб намеры выкарыстоўваць іх для пражывання.

Пад старымі дамамі разумеюцца размешчаныя ў сельскай мясцовасці жылыя дамы, у дачыненні да якіх прызнана, што яны не адпавядаюць санітарным і тэхнічным патрабаванням або непрыгодныя для пражывання,
і ў дачыненні да якіх на 1 студзеня кожнага каляндарнага года ёсць дакладныя звесткі аб тым, што гэтыя дамы ўтрымліваюцца безгаспадарча, асобы, якія маюць права карыстання імі, на працягу апошняга года не жывуць у іх і не прымаюць мер да аднаўлення гэтых дамоў для выкарыстання па прызначэнні.

Пры гэтым указам на мясцовыя выканкамы ўскладаюцца абавязкі па вышуку ўласніка пустога дома, асоба і (або) месца жыхарства якога невядомы (у тым ліку з прыцягненнем органаў унутраных спраў), і па паведамленні яму аб магчымым прызнанні такога жылога дома безгаспадарчым і прававых наступствах такога прызнання. Пры паведамленні ўласніка выканкаму аб намеры выкарыстоўваць пусты дом для пражывання такі дом не ўключаецца ў рэгістр пустых дамоў і мерапрыемствы па прызнанні яго безгаспадарчым не праводзяцца.

«У цэлым рэалізацыя норм указа заклікана садзейнічаць актывізацыі працы мясцовых выканкамаў па выяўленні пустых і старых жылых дамоў у сельскай мясцовасці, якія безгаспадарча ўтрымліваюцца, скарачэнні іх колькасці і добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктах», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Указ набывае моц 1 верасня 2012 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?