У вечар прэм’еры новага фільма на зорку нямога кіно Джорджа Валентына (Жан Дзюжардэн) падае мілавідная паненка (Берэніс Бежо). На наступны дзень абое апынаюцца на першай паласе газеты Variety. «Хто гэтая дзяўчына?» — пытае загаловак.
Цікавіцца здымкамі і жонка Джорджа Дорыс (Пенелопа Эн Мілер) — немаладая жанчына з трагічным надломам і прыгажосцю кінадзівы 1920-х. Студыйны бос Цымер (Джон Гудман) дык і зусім абураецца: праз фотаздымкі ўвагі прэсы пазбавілася яго пратэжэ-акторка. Але дзяўчына з натоўпу, што ўдала засвяціліся ў кадры са знакамітасцю, бадзёра танчыць, так што хутка на афішах з’явіцца новае імя — Пэпі Мілер. А пакуль яе кар’ера будзе набіраць абароты, над імем Джорджа Валентына згусцяцца хмары прагрэсу: на парозе вынаходства гукавога кіно.
Дзеянне фільма, які прэтэндуе на «Оскары» ва ўсіх галоўных намінацыях, пачынаецца ў 1927 годзе: на экране варыяцыі двух колераў, а з гукаў у асноўным прысутнічае толькі закадравая музыка.
Прызнанне ў любові да галівудскага «вялікага нямога» французскі рэжысёр Мішэль Хазанавічус стылізуе пад дагукавое чорна-белае кіно.

Высвятляецца, што сучасныя гледачы не толькі гатовыя глядзець рамантычную гісторыю без колеру і агучаных дыялогаў, але больш чым падзяляюць настальгічныя пачуцці пастаноўшчыка.

Адзіная сустрэтая прэтэнзія да фільма, здаецца, заключаецца ў тым, што яно зроблена так, каб усім падабацца.
Гэта можа раздражняць. Мала таго, што жонка рэжысёра Берэніс Бежо выдатна ўпісваецца ў рэтра-сукенкі, прычоскі і танцы. Мала таго, што Жан Дзюжардэн яшчэ раз даказвае, што ён актор, чые магчымасці не абмяжоўваюцца эксцэнтрычнай клаўнадай у камедыях таго ж Хазанавічуса: яго камісар у драме «Сустрэчнае расследаванне» быў не менш пераканаўчым, чым агент з асабістым нумарам 117. Мала таго, што важны кавалак саўндтрэка пазычаны з «Галавакружэння» Хічкока.

Усё гэта яшчэ даравальныя складнікі поспеху, але канчаткова ламае супраціў гледачоў джэк-расэл-тэр’ер Угі, які толькі што атрымаў за сваю ролю спецыяльную прэмію Golden Collar Award. Угі грае найлепшага сябра папулярнага артыста, які не падпускае людзей занадта блізка да сябе. Ён падыгрывае кампаньёну ў жартах і ведае, да каго і як звярнуцца ў вырашальны момант. Акрамя гэтага прызу суперсабака атрымаў асобны прыз у Канах, і гэта напаўжартам — яго поспех цалкам упісваецца ў агульны ажыятаж: у Канах глядацкі і крытычны трыумф плюс прыз за найлепшую мужчынскую ролю; затым тры «Залатыя глобусы», сем прэмій Брытанскай кінаакадэміі BAFTA, дзясяткі іншых узнагарод і 10 намінацый на «Оскар».

Амаль усе ўпэўненыя, што 26 лютага прадстаўнікі Амерыканскай кінаакадэміі назавуць «Артыста» найлепшым фільмам.
З 40 рэцэнзентаў, чые артыкулы ўлічаныя сайтам Metacritic.com, незадаволеным застаўся толькі адзін. Перш за ўсё яго бянтэжыць аптымістычны настрой карціны: у канцы 1920-х — пачатку 1930-х галівудскія лёсы ламаліся дзясяткамі.

Аднак дзіўна было б закідаць Хазанавічусу тое, што Джордж Валентын з яго фільма не падзяліў цалкам лёс герояў-палюбоўнікаў Рудольфа Валентына (памёр у 1926-м) або Джона Гілберта (не змог прыжыцца ў гукавым кіно, шмат піў і таксама памёр) . Прыдуманы аўтарам і рэжысёрам герой спісаны з абодвух, але паэтычны любоўны ліст наўрад ці павінен прытрымлівацца літары гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?