З віцебскім актывістам Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргеем Каваленкам, які трымае галадоўку ў СІЗА 3 лютага, сустрэўся адвакат,
паведаміла жонка арыштаванага Алена.

«Галадоўка працягваецца. Сяргей выглядае горш, чым раней. Некалькі дзён у яго была тэмпература. Ён утрымліваецца ў адзіночнай камеры», — сказала Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, лісты ад мужа прыходзяць з вялікім спазненнем. Напрыклад, пасланне, датаванае 17 студзеня, з’явілася ў паштовай скрыні роўна праз два тыдні.

«Нам спатканняў не дазваляюць. За паўтара месяца мне, маці і брату было адмоўлена сем разоў. Яшчэ тры заявы ляжаць у суддзі»,
— адзначыла жонка актывіста.
Яна таксама паведаміла, што пытанне аб прызначэнні даты суда можа быць вырашана 8 лютага.

***

Сяргей Каваленка з 19 снежня 2011 года знаходзіцца ў СІЗА Віцебска і з 20 снежня трымае галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго затрымання. Ён быў затрыманы ў рамках распачатай ў дачыненні да яго справы па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Падставай для гэтага сталі нібыта чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў, адбываючы пакаранне.

Актывіста неаднаразова затрымлівала міліцыя за арганізацыю розных акцый. У маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?