У Сочы расследуюць крымінальную справу ў дачыненні да трох расійскіх паліцэйскіх, якіх падазраюць у вымаганні хабару ў членаў беларускай каманды КВЗ «Белыя росы»,
паведаміла 25 студзеня следчае ўпраўленне Следчага камітэта РФ па Краснадарскім краі.

Паводле версіі следства, 11 студзеня 2012 года работнікамі ДПС на тэрыторыі Лазараўскага раёна Сочы быў спынены аўтамабіль Volkswagen Caravelle з нумарнымі знакамі Беларусі, на якім перамяшчаліся члены каманды КВЗ «Белыя росы». У вадзіцеля аўтамабіля паліцэйскія знайшлі скрутак з марыхуанай, маса якога не цягнула на прыцягенне да крымінальнай адказнасці.

У дачыненні да вадзіцеля машыны быў складзены матэрыял аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Пасля гэтага намеснік камандзіра ўзвода ППС вырашыў увесці ў зман затрыманых і прапанаваў даць яму хабар у 20 тысяч рублёў адразу ж, а потым яшчэ 100 тысяч рублёў.
За гэта зламыснік абяцаў не прыцягваць вадзіцеля машыны да крымінальнай адказнасці.

«Пасажыры аўтамабіля перадалі работніку паліцыі 3 тысячы рублёў, 170 долараў ЗША і 300 еўра. Пасля гэтага работнік ППС запатрабаваў, каб астатнія 100 тысяч рублёў пасажыры машыны перадалі двум яго падначаленым», — гаворыцца ў паведамленні.

Пра гэты факт пацярпелыя паведамілі ў тэрытарыяльны следчы аддзел следчага ўпраўлення СК РФ па краі, які даручыў правесці аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы органам краявога УФСБ.

«12 студзеня пасля перадачы патрабаванай сумы грошай зламыснікі былі затрыманы аператыўнымі работнікамі ФСБ», — гаворыцца ў паведамленні.

У дачыненні да трох паліцэйскіх асобнай роты ППСН УМУС РФ па Сочы распачата крымінальная справа на падставе ч. 3 арт. 159 КК РФ (махлярства, учыненае з выкарыстаннем службовага становішча).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?