Эпідэмія грыпу ў Мінску прагназуецца не раней чым у пачатку лютага, яна будзе сярэдняй інтэнсіўнасці ці ніжэйшай за сярэднюю інтэнсіўнасць, паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка.

Паводле яе слоў, пра гэта сведчаць цяперашнія звесткі аб захворванні насельніцтва на вострыя рэспіраторныя інфекцыі.

За апошні тыдзень у Мінску назіраецца нязначны рост захворвання на ВРІ, у асноўным у дзяцей.
Спецыяліст гэта звязвае з заканчэннем школьных канікулаў і прытокам дзяцей ва ўстановы адукацыі. Аднак узровень ВРІ — на 20% ніжэйшы, чым у гэты ж перыяд мінулага года і крыху ніжэйшы за сярэднія шматгадовыя значэнні. Вірусы грыпу ў захварэлых пакуль не выяўляюцца. Этыялагічная структура ВРІ прадстаўлена ў асноўным адэнавірусамі, PC-вірусамі і парагрыпам.

Паводле слоў Фісенкі, паспяховая сітуацыя па ВРІ тлумачыцца, перш за ўсё, высокім узроўнем імунізацыі супраць грыпу ў Мінску (31,5% насельніцтва) і спрыяльным надвор’ем. «Уздым захворвання фарміруецца паступова, а ўвесь снежань у Беларусі было дастаткова сухое надвор’е», — зазначыла яна.

Для прафілактыкі ВРІ спецыяліст рэкамендуе выконваць правілы этыкету пры чханні, часцей мыць рукі і праветрываць памяшканне, пры першых прыкметах захворвання прымаць спецыяльныя супрацьвірусныя прэпараты. Здаровым людзям няма неабходнасці ў дадатковай прафілактыцы ВРІ, мяркуе Фісенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?