Каманда Юрыя Шаўцова нарэшце дамаглася знакавай перамогі. У вырашальным матчы гандбольная зборная Беларусі зрынула на паркет мінскага Палаца спорту Румынію — 28:23 (15:12).

Казімір Катлінскі (злева) і Віталь Чарапенька

Казімір Катлінскі (злева) і Віталь Чарапенька

Трэнер румынаў Васіле Стынга пасля паразы ад беларусаў падае ў адстаўку

Трэнер румынаў Васіле Стынга пасля паразы ад беларусаў падае ў адстаўку

Хлапчуком я заспеў тыя слаўныя часы, калі беларусы ў гандболе былі наперадзе планеты ўсёй. Спартак Мірановіч стварыў сапраўдную дрым-цім, якая тройчы заваявала Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў і паклала ў сваю скарбонку яшчэ мноства трафеяў.

Асноўнымі канкурэнтамі мінскага СКА на міжнароднай арэне тады былі якраз румыны. Памяць да гэтага часу захоўвае фінал галоўнага клубнага турніру сезона 1988/89: тады беларусы не пакінулі камня на камні ад грознай Бухарэсцкай «Сцяўа» — 30:34, 37:23.

У дзевяностыя наш гандбол пачаў паступова дэградаваць. І вось пасля двух дзесяцігоддзяў заняпаду лёс зноў звёў беларусаў з румынамі — гэтым разам на ўзроўні зборных у адборачным турніры чэмпіянату свету-2013.

Жэрабя гэтае было непрыемнае. Румыны, вядома, таксама шмат у чым страцілі былы аўтарытэт, але з магчымых супернікаў на дадзенай стадыі беларусам трапіўся самы непрыемны. Паўтара года таму гандбалісты з краіны Дракулы сенсацыйна перамаглі ў адборы на ЧС-2011 амбіцыйных расійцаў. Так што бой за адзіную пуцёўку ў плэй-оф будучага чэмпіянату свету абяцаў быць гарачым.

Але для беларусаў усё магло скончыцца датэрмінова і вельмі непрыемна. Трэцім у нашу адборачную групу трапіў запісны аўтсайдар — Люксембург. Без праблем справіўшыся з «карлікам» у Магілёве — 37:19, зборная Беларусі зведала каласальныя складанасці на выездзе. У канцы матча падапечныя Юрыя Шаўцова «гарэлі» з лікам 30:32. Але ўсё ж зубамі вырвалі перамогу — 33:32. У адваротным выпадку румыны маглі б забяспечыць сабе першае месца ў групе, проста выйграўшы дома ў беларусаў з любым лікам.

Што яны і зрабілі. Але паколькі да вырашальных матчаў Беларусь і Румынія падышлі з аднолькавай колькасцю набраных ачкоў, то лік ужо меў велізарнае значэнне. Гасцявы пройгрыш з розніцай у 3 мячы пакідаў нашым нядрэнныя шанцы на агульны поспех у супрацьстаянні. Дома трэба было выйграць з не меншым адрывам.

Зрэшты, бітве з румынамі папярэднічала абструкцыя, якой зборную падверглі пасля другой гульні з Люксембургам і заўзятары, і спецыялісты. Легендарны гулец мінскага СКА звярнуўся да нацыянальнай каманды з заклікам: «Мне балюча назіраць за тым, што адбываецца з камандай. Для мяне і маіх аднагодкаў-гандбалістаў гульня за радзіму (хай яна і называлася тады інакш) была спачатку запаветнай марай, а потым і найвялікшым гонарам. Галоўнага свайго правіла — заставацца мужыкамі — гандбол не адмяняў і не адменіць ніколі. Ну дык выконвайце ж гэтае правіла! Не аддавайце нас…»

Крык душы Каршакевіча быў пачуты. 15 студзеня Аляксандр Уладзіміравіч меў усе падставы быць задаволеным.

Пасля першых пяці хвілін гульні беларусы вялі з лікам 2:0. Але неўзабаве суддзі пакінулі гаспадароў учатырох супраць шасцярых румынаў, а затым узнагародзілі каманду Юрыя Шаўцова яшчэ адным выдаленнем. Колькасная перавага стала для гасцей выратавальным кругам, які дазволіў зраўняць лік.

У сярэдзіне чатыры галы запар дазволілі нашым адарвацца ад супернікаў — 9:5. Але румыны таксама прыехалі ў Мінск не дранікі есці. Неўзабаве яны скарацілі разрыў у ліку да мінімуму.

Фінал першай паловы застаўся за гаспадарамі. Калі каманды сыходзілі на адпачынак, табло паказвалі 15:12 на карысць зборнай Беларусі.

Перапынак выйграў Юрый Шаўцоў. Яго візаві Васіле Стынга быў лаканічны, адправіўшы сваіх падапечных на пляцоўку ўжо ў сярэдзіне антракту. А вось галоўнакамандуючы беларускай зборнай быў нашмат больш красамоўны. Адпушчаны на паўзу час ужо выйшаў, а нашы гандбалісты ўсё яшчэ заставаліся ў распранальні.

І, як высветлілася, не дарма. Старт і сярэдзіна другога тайма былі цалкам за беларусамі. Іх адрыў ад румынаў пачаў расці як на дражджах. Нарошчванню перавагі не перашкодзілі і выдаленні ў гаспадароў, якія — як пад капірку — зноў у нейкі момант засталіся ўчатырох супраць поўнага складу гасцей.

Бліскуча адыграў гэты матч кіпер беларусаў Казімір Катлінскі, які пасля перапынку заставаўся сухім дзевяць з паловай хвілін. Ды і пасля выратоўваў каманду не раз і не два. А наперадзе бушаваў капітан зборнай Сяргей Рутэнка, які ўжо да 44-й хвіліны забіў 11 мячоў.

Скончыцца гэтая гісторыя магла, чым заўгодна, але на падмогу прыйшоў другі вартаўнік брамы нашай зборнай Віталь Чарапенька. На пляцоўку ён выходзіў толькі пад сяміметровымі, затое як! Віталь парыраваў тры з трох гандбольных пенальці — апошні на 56-й хвіліне.

Ну, а зусім спакойна беларускія заўзятары змаглі ўздыхнуць толькі на апошнім абароце секунднай стрэлкі, калі Максім Бабічаў усталяваў канчатковы лік — 28:23. Пуцёўка ў плэй-оф адбору на чэмпіянат свету дастаецца нашым.

— Усе сёння заслужылі камплімент ад мяне, хоць я раблю іх вельмі рэдка. Галоўнае, што выканалі задачу, пра якую я казаў перад матчам: заўзятары і гульцы зліліся ў адзінае цэлае і змаглі перамагчы, — канстатаваў пасля матчу Юрый Шаўцоў.

Будзем спадзявацца, што гэта пачатак рэнесансу беларускага гандбола. Працяг будзе летам. Матчы раунда плэй-оф, у якіх высветліцца, хто паедзе на чэмпіянат свету, адбудуцца 9–10 і 16–17 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?