Цікавы выпадак здарыўся ў Брэсце: дырэктар мясцовай кавярні «Cваякі» Максім Бычкоў загадаў персаналу больш не ставіць для наведнікаў сучасную беларускую музыку, у тым ліку песні Лявона Вольскага, праекта «Крамбамбуля» і гурту «Палац». У кавярні кажуць, што на музычны густ дырэктара паўплываў візіт супрацоўніка КДБ, бо раней Вольскі і Хаменка тут былі ў пашане. З гэтай нагоды Брэсцкае ўпраўленьне КДБ дало тлумачэнні для «Тузіна Гітоў».

Не ведаю, як вас, а мяне даўно ўжо літаральна перасмыкае ад аднай ўзгадкі пра чорныя спісы. Тэма настолькі міфалагізавалася, што часам нерэальна вызначыць, дзе праўда, а дзе выдумка. Дзе рэальная пагроза, а дзе банальная перастрахоўка мясцовых князькоў. Дзе цвярозы разлік, а дзе звычайны ідыятызм. Як, напрыклад, развеьці гэтыя паняцці ў наступнай сітуацыі?

Ёсць у Брэсце адно-адзінюткае месца, якое збольшага прэтэндуе на званне страўні ў нацыянальным стылі. Інтэр’ер там, канечне, калгаснаваты, затое кормяць смачна ды яшчэ і выключна беларускую музыку круцяць. Таму часцяком менавіта ў харчэўню «Сваякі» водзяць берасцейцы турыстаў, ды і самі заглядаюць, калі з’яўляецца лішняя капейчына. Аднак апошнім часам «Сваякі» раз за разам выклікаюць справядлівае абурэнне ў гараджан, неабыякавых да нацыянальнай культуры.

Не паспеў растварыцца на душы асадак ад забароненага там канцэрту Лявона Вольскага, як назва харчэўні зноў перадаецца з вуснаў у вусны.

Журналіст Алесь Ляўчук часта заходзіў сюды, каб пад’есці ды паслухаць добрую беларускую музыку. Але апошні раз, як ён заўважыў, тут гучалі толькі «Песняры». Больш ніякай сучаснай беларускай музыкі ён не пачуў. «Яшчэ з месяц таму тут пастаянна ставілі песні Вольскага, — распавядае Алесь. — Пасля Новага года мы зайшлі сюды зноў, але спевы Лявона не пачулі, таму спыталі ў бармэна, чаму яны цяпер не гучаць. А нам адказваюць, што

Вольскі забаронены, ён у чорных спісах значыцца. Тады мы спыталіся, што ў іх ёсць яшчэ з беларускай музыкі. Аказалася, што „Палац“, вось толькі ставіць яго таксама адмовіліся, рызыкоўна таксама. А наконт „Крамбамбулі“ дык наогул сказалі, што дыск забраў дырэктар, каб не было спакусы яго ўключаць».

Алесь вырашыў высветліць да канца, што гэта дзеецца ў асобна ўзятай харчэўні, але кантакты дырэктара прыватнага прадпрыемства «Праздник вкуса» Максіма Бычкова, які трымае харчэўню «Сваякі», яму даваць адмовіліся. Нашы спробы датэлефанавацца да яго таксама пакуль ня далі плёну.

Цікавай аказалася аргумэнтацыя пэрсаналу наконт адмовы ставіць дыскі згаданых музыкаў. Па іх словах,

у харчэўню прыходзіў «кадэбіст», які і паўплываў на густ да сучаснай беларускай музыкі дырэкцыі і работнікаў «Сваякоў».
Праўда, прэс-сакратар Брэсцкага ўпраўлення КДБ Міхаіл Шаркоўскі пярэчыць:
«Гэта вельмі зручна — валіць усё на КДБ. Ніхто ж не праверыць. Ніякай кампетэнцыі хадзіць па кавярнях і ўказваць, якую музыку там ставіць, КДБ не мае. І нашы супрацоўнікі гэтага не рабілі».

Хоць і не прынята цяпер асабліва давяраць спецслужбам, але словы Шаркоўскага, які, дарэчы, размаўляў па-беларуску, падаліся пераканальнымі.

Калі і прыходзілі супрацоўнікі КДБ на аўдыенцыю да дырэктара харчэўні, дык хутчэй за ўсё з нагоды жывога канцэрта Лявона Вольскага, а не з рэвізіяй дыскаў. Відаць, цяпер спадар Бычкоў проста ўсвядоміў свае былыя «памылкі» і стараецца ўзорна сябе паводзіць.
Як ён пры гэтым збіраецца зберагчы сваё імя і як кавярня застанецца хаця б звонку нацыянальнай, наўрад ці ён сам ведае. Дагэтуль наведнікі прабачалі «Сваякам» памылкі ў меню, самавары ў інтэр’еры, няведанне беларускай мовы пtрсаналу і вяшчанне расійскіх каналаў на вялікім маніторы — лепш, маўляў, так, чым ніяк. Але ці можна дараваць такую крывадушнасць у адносінах да беларускай культуры…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?