Закрытасць самых прыбытковых прадпрыемстваў для прыватызацыі і заангажаванасць гэтага працэсу ў інтарэсах набліжаных да цяперашняй улады бізнэсоўцаў і расійскага капіталу штурхаюць беларускіх інвестараў рабіць інвестыцыі нават на іншых кантынентах.

Адзін з самых уплывовых і багатых беларускіх бізнэсоўцаў, уладальнік Fenox Global Group Віталь Арбузаў летам мінулага года зарэгістраваў у амерыканскай Сіліконавай даліне (горадзе Сан-Хасэ) венчурную кампанію Fenox Venture Capital. Да пачатку 2012 года яна стала ўдзельнікам ужо каля пяці інвестыцыйных праектаў.

Прыярытэтныя для Арбузава і яго партнёраў рынкі — ЗША і Японія.
Плануецца, што яны таксама будуць інвеставаць ва Усходняй і Паўднёвай Азіі.

Асноўныя напрамкі для інвеставання — спажывецкія інтэрнэт-тэхналогіі, праграмнае забяспечанне, біятэхналогіі і медыцынскае праграмнае забяспечанне, спажывецкі сектар і ў цэлым усе інавацыйныя ідэі з іншых галін. Выдзяленне сродкаў магчымае на ўсіх стадыях праекта.

Плануецца, што цягам пяці найбліжэйшых гадоў Fenox Venture Capital інвестуе ў 50 праектаў.

У Беларусі Віталь Арбузаў вядомы як уладальнік Fenox Automotive — холдынгу па выпуску аўтакампанентаў. У кантраляваную ім групу ўваходзяць 12 заводаў у Беларусі, Расіі і Германіі. Яны вырабляюць гідрацыліндры тармазоў і счаплення, супорты і дэталі дыскавых тармазоў, гнуткія шлангі, вадзяныя помпы, амартызатары, тармазныя дыскі і інш. Спажыўцамі з’яўляюцца аўтамабілебудаўнічыя заводы СНД, Еўропы і ЗША.

У свой час Арбузаву належаў кантрольны пакет у кампаніі «Юнісан», але ён прадаў яго іранскай кампаніі Iran Khodrow.

Бізнэсовец таксама валодае сеткак харчовых супермаркетаў «Прэстан», ён будуе гандлёва-забаўляльны цэнтр Preston-Plaza і мае іншыя актывы ў Вялікабрытаніі, Даніі і Сінгапуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?