Як падлічыў амерыканскі часопіс Forbes, самай рэнтабельнай зоркай Галівуда стала Крыстэн Сцюарт, галоўная гераіня вампірскай сагі «Змярканне».

Методыка падлікаў была наступная: сума збораў апошніх трох фільмаў з удзелам таго ці іншага актора за апошнія тры гады дзялілася на яго сукупныя ганарары за гэтыя тры праекты. Такім чынам, атрымалася, што кожны даляр, заплачаны Сцюарт, прынёс студыі Summit Entertainment больш за 55 даляраў прыбытку, паведамляе "РІА Навіны".

Агулам франшыза «Змярканне» зарабіла ўжо 2,4 млрд даляраў, прычым 588 млн з іх прыпалі на яе апошнюю частку, што выйшла тры тыдні таму.

Парадаксальна, калега Сцюарт па «Змярканні» Роберт Пацінсан апынуўся не на другім, а на трэцім месцы —

кожны ўкладзены ў яго даляр прыносіць 39,43 даляра прыбытку. Сума аказалася ніжэйшай за кошт таго, што Пацінсан любіць здымацца ў малабюджэтных праектах накшталт «Памятай мяне» або «Вады сланам!», што зніжае сярэднюю лічбу.

Другое месца ў спісе самых рэнтабельных зорак адышло Эн Хэтаўэй: галоўным чынам дзякуючы «Алісе ў краіне цудаў» Ціма Бёртана яна стала прыносіць прадзюсарам па 45,67 даляра на кожны даляр ганарару.

Чацвёртае месца адышло зорцы патэрыяны, самаму багатаму маладому брытанцу Дэніэлу Рэдкліфу, які дазволіў студыі Warner Bros мець па 34,2 даляра з кожнага даляра, пералічанага на яго рахунак. Усяго за час здымак у «Гары Потэры» Рэдкліф зарабіў 80 мільёнаў даляраў, а студыя — 7,7 мільярда даляраў.

У лютым у пракат выходзіць першы з яго постпатэрыянскіх фільмаў, «Жанчына ў чорным».

На пятым месцы, перш за ўсё дзякуючы «Трансформерам», апынуўся Шайя Лабёф, які прыносіць прадзюсарам па 29,4 даляра на кожны даляр ганарараў.

Замыкае дзясятку самы высокааплатны актор Галівуда Джоні Дэп. Паколькі ганарары ў яго вельмі высокія, студыя Disney змагла зарабіць толькі 12,48 даляра на кожны даляр, укладзены ў яго.

Вылічылі ў Forbes і самых нявыгадных актораў: Дру Бэрымар, да прыкладу, прыносіць прадзюсарам толькі 40 цэнтаў на кожны пералічаны ёй даляр, а Эдзі Мэрфі — 2,7 даляра.

* * *

Дзіўна збудаваная сістэма каштоўнасцей у сучасным свеце. Вытворцы ілюзій маюць звышпрыбыткі. Параўнаем: 50% акцый "Белтрансгаза" каштавалі 2,5 млрд даляраў. Гераіня галівудскага моладзевага серыялу, калі б трохі паднапружылася, мела б грошы, каб яго набыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?