Штогод у Мінску рэгіструецца ад 120 да 150 новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, паведаміла загадчыца аддзялення прафілактыкі ВІЧ/СНІД гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марына Варакса на прэс-канферэнцыі 23 лістапада.

Паводле яе слоў, за ўвесь перыяд назірання з 1987 года ў Мінску было зарэгістравана 1.814 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. На ўліку ў сувязі з ВІЧ знаходзіцца каля 1,5 тыс. жыхароў сталіцы.

Мінск займае трэцюю пазіцыю сярод рэгіёнаў па ўзроўні распаўсюджанасці ВІЧ-інфекцыі пасля Гомельскай і Мінскай абласцей. У самім Мінску больш за ўсё ВІЧ-інфікаваных жыве ў Заводскім раёне — 436 чалавек. Большасць ВІЧ-інфікаваных у сталіцы — маладыя людзі 20–34 гадоў.

За ўвесь час назірання ў Мінску памерла 230 ВІЧ-інфікаваных, з іх больш за 64% былі наркаспажыўцамі. Сёлета памерлі 24 ВІЧ-інфікаваныя, з іх больш чым 70% спажывалі наркотыкі.

За ўвесь перыяд назірання ў Мінску зарэгістравана 187 выпадкаў СНІДу, 97 пацыентаў памерла.
Сёлета дыягназ «СНІД» быў устаноўлены 29 пацыентам, памерла 10 чалавек.

Як адзначыла спецыяліст, пры своечасовым лячэнні ВІЧ-інфікаваным забяспечана паўнацэннае жыццё, і ў іх не разаўецца СНІД. З кожным годам у сталіцы ўсё больш ВІЧ-інфікаваных атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію. Этыятропным супрацьвірусным лячэннем забяспечаны ўсе ВІЧ-інфікаваныя людзі. Камбінаваную антырэтравірусную тэрапію атрымліваюць 416 ВІЧ-пазітыўных пацыентаў, у тым ліку 11 дзяцей.

Аднак існуе праблема, звязаная з тым, што ў некаторых пацыентаў складана сфарміраваць прыхільнасць да лячэння: яны забываюць прымаць прэпараты, і тэрапія не мае чаканага эфекту. Між тым кошт антырэтравіруснай тэрапіі для аднаго пацыента складае ад 1 да 8 тыс. долараў у год. Лячэнне аплачваецца ў рамках дапамогі Глабальнага фонду па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. З 2012 года Беларусь павінна будзе таксама ўдзельнічаць у аплаце тэрапіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?