У Беларусі зменяцца ўмовы давання льготных крэдытаў на жыллё і катэгорыі насельніцтва, якія прэтэндуюць на іх. Пра гэта было абвешчана 14 кастрычніка ў Мінску на прэс-канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Кіраўнік Мінбудархітэктуры Анатоль Нічкасаў зазначыў, што ў кастрычніку міністэрства вынесе на разгляд Аляксандра Лукашэнкі праект змяненняў і дапаўненняў ва ўказы № 185 і 43.

Паводле яго слоў, да катэгорый, якія маюць найбольшую патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, адносяцца шматдзетныя сем’і; сем’і, якія маюць дзяцей-інвалідаў першай і другой груп; ваеннаслужачыя і маладыя спецыялісты. Апрача таго, на льготнае крэдытаванне змогуць разлічваць грамадзяне, якія маюць інваліднасць, звязаную з радыяцыйнымі аварыямі; грамадзяне, якія жывуць у жылых памяшканнях, прызнаных непрыдатнымі для пражывання; грамадзяне, якія жывуць з сем’ямі ў інтэрнатах больш як 10 гадоў, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі насельніцтва.

Начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Мінбудархітэктуры Аляксандр Горваль зазначыў, што разам са зменай катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зменяцца і ўмовы давання дзяржаўнай падтрымкі,

напрыклад крэдыт складзе не поўны кошт кватэры, а 90%.

Праект паправак у згаданыя ўказы, паводле яго слоў, прадугледжвае, што пры выдзяленні льготнага крэдыту прапаноўваецца ўлічваць не толькі жыллё, якое ёсць «ва ўласнасці ў членаў сям’і ў гэтым населеным пункце, дзе чалавек знаходзіцца на ўліку», але і ва ўсёй краіне ў цэлым.

Горваль нагадаў, што ў Беларусі санітарная норма забеспячэння жыллём устаноўлена ў межах 15 кв. м. «Гэта норма пераносіцца і на крэдытаванне, такім чынам, будзе не 20 кв. м на чалавека, а 15», — зазначыў начальнік упраўлення будаўніцтва, дадаўшы, што гэта звязана з даручэннем Лукашэнкі абмежаваць прыток насельніцтва ў Мінск.

Норма пастаноўкі на ўлік у Мінску складзе 10 кв. м, крэдытавання — 15 кв. м на чалавека.

Захоўваюцца пэўныя льготы на крэдытаванне жылля ў населеных пунктах з насельніцтвам да 20 тыс. жыхароў — у гэтым выпадку крэдытаванне складзе 10% ад стаўкі рэфінансавання; у населеных пунктах, дзе пражываюць больш за 20 тыс. чалавек, — 20% ад стаўкі рэфінансавання. Для шматдзетных сем’яў захаваецца аднапрацэнтны крэдыт на 40 гадоў.

«Паводле нашых разлікаў, у гарадах да 20 тыс. жыхароў прыкладна 140 тыс. чаргавікоў. Усяго пад новыя ўмовы, што прапаноўваюцца па ўказе № 185, трапляюць прыкладна 260 тыс. чаргавікоў з агульнай колькасці, што знаходзяцца ў чарзе», — паведаміў Горваль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?