Дзмітрый Канавалаў, галоўны абвінавачваны па справе аб тэракце ў Мінску, адмовіўся ад дачы паказанняў у судзе. Аб гэтым ён заявіў 20 верасня на пасяджэнні Вярхоўнага суда, якое праходзіць у Доме правасуддзя, спаслаўшыся на сваё законнае права не даваць паказанняў супраць сябе.

Старшыня ў судзе Аляксандр Федарцоў растлумачыў, што ў такім разе суд заслухае пратаколы допыту Канавалава з папярэдняга следства і прагледзіць відэазапісы яго допытаў.

Канавалаў таксама адмовіўся адказваць на пытанні пасля абвяшчэння матэрыялаў папярэдняга следства.

У судзе быў зачытаны першы пратакол, у якім Канавалаў паказаў, што сам зрабіў выбухную прыладу, прыехаў з ёй у Мінск, прыкладна ў 18.00 спусціўся на станцыю метро «Фрунзенская», даехаў да станцыі метро «Купалаўская», перайшоў на станцыю метро «Кастрычніцкая» і шляхам націску кнопкі прывёў у дзеянне выбуховую прыладу. Як вынікае з пратакола допыту, у Мінск Канавалаў прыехаў з мэтай учынення тэракту ў метро, асноўнай яго мэтай была дэстабілізацыя сітуацыі ў Беларусі.

Абвінавачваны таксама паказаў, што 3 ліпеня 2008 года ён вырабіў дзве выбуховыя прылады, адну з якіх прывёў у дзеянне на свяце з нагоды Дня Незалежнасці ў Мінску. Затым ён пайшоў за другой выбуховай прыладай, якую таксама ўстанавіў у раёне правядзення свята, але гэта прылада не спрацавала.

Як вынікае з пратакола, Канавалаў прызнаўся, што хацеў, каб пацярпелі людзі. Ён разумеў, што яго дзеянні прыносяць шкоду насельніцтву Беларусі. Ён таксама прызнаўся, што ажыццявіў два выбухі ў Віцебску з мэтай дэстабілізацыі становішча ў горадзе.

Цяпер у судзе праходзіць прагляд відэаматэрыялаў допыту Канавалава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?