Калі некалькі дзесяцігоддзяў таму інсульт лічыўся захворваннем пажылых, цяпер дактары ў розных краінах раз-пораз падкрэсліваюць, што сцерагчыся інсульту неабходна таксама маладым.

Інсульт робіцца рэальнай пагрозай для маладых людзей і дзяцей. Да такой высновы прыйшлі супрацоўнікі Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША.

Выснова зробленая на падставе аналізу медыцынскіх картак прыкладна васьмі мільёнаў пацыентаў, якія назіраліся з 1995 па 2008 гг. Выявілася, што частата інсультаў сярод асобаў ва ўзросце 5–44 гадоў менш чым за 10 гадоў вырасла прыкладна на траціну. Пры гэтым у людзей, якія перажылі інсульт, звычайна адзначаліся падвышаны ціск, дыябет і атлусценне. У цэлым жа спецыялісты аналізавалі дадзеныя на прадмет выяўлення выпадкаў ішэмічнага інсульту, выкліканага тромбамі, і гемарагічнага інсульту, справакаванага крывацёкам у мозгу.

Ва ўзроставай групе 5–14 гадоў паказчыкі ішэмічнага інсульту павялічыліся на 31% (з 3,2 выпадку на кожныя 10 тыс. фактаў шпіталізацыі да 4,2). Сярод асобаў 15–34 гадоў гэтыя паказчыкі выраслі на 30%, а сярод 35-44-гадовых — на 37%. Ва ўсіх узроставых групах гэты прырост забяспечваўся пераважна за кошт мужчын.

Што да статыстыкі гемарагічнага інсульту, тут назіралася зніжэнне захворвання ва ўсіх групах, акрамя ўзроставай групы 5–14 гадоў.

Больш за палову людзей ва ўзросце 35–44 гадоў, якія перажылі ішэмічны інсульт, мелі гіпертанію. У лік іншых фактараў рызыкі ўваходзілі дрэннае харчаванне, курэнне, дыябет і атлусценне.

У Беларусі таксама павялічваецца колькасць выпадкаў мазгавых інсультаў, у тым ліку сярод маладых людзей.
У 2009 годзе мазгавы інсульт быў дыягнаставаны ў 29 100 пацыентаў, з якіх памерлі 12 167. Для параўнання, у 2008 годзе было 28 566, у 2006 — 28 434 выпадкі інсульту.

40% тых, хто перанёс інсульт, памірае. Трэцяя частка выжылых не могуць абыходзіцца без старонняй дапамогі і патрабуюць догляду. Якасць жыцця іх пры гэтым застаецца вельмі нізкай.

Галоўнай праблемай у лячэнні захворвання медыкі называюць няведанне людзей, якія маюць праблемы з ціскам, пра яго ўзровень. Менавіта вымярэнне артэрыяльнага ціску можа дапамагчы паменшыць рызыку развіцця інсульту. Такім чынам, для прафілактыкі інсультаў рэкамендуецца сачыць за артэрыяльным ціскам, узроўнем халестэрыну ў крыві, пазбягаць стрэсаў і высыпацца.

Як расказала Naviny.by галоўны тэрапеўт камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Філіпава, для людзей, старэйшых за 18 гадоў, аптымальным з’яўляецца артэрыяльны ціск (АЦ), ніжэйшы за 120/80. Нармальным лічыцца паказчык ціску 120–129/80–84. Ёсць яшчэ так званы высокі нармальны ціск — 130–139/85–89. Пры апошніх паказаннях АЦ імавернасць сардэчна-сасудзістых захворванняў павялічваецца: «Ціск, які перавышае дадзеныя паказчыкі, з’яўляецца альбо артэрыяльнай гіпертэнзіяй, альбо сімптаматычным павышэннем ціску, звязаным з іншымі захворваннямі. Калі ў вас высокі нармальны ціск, гэта азначае, што неабходна займацца карэкцыяй фактараў рызыкі або пачынаць лячэнне па рэкамендацыі доктара».

Праблема ў тым, што чалавек часта не адчувае, што ў яго павышаны ціск. Арганізм адаптуецца да любых змен, нават небяспечных для яго самога.

Іншымі словамі, тое, што вы адчуваеце сябе добра, не значыць, што ў вас няма павышанага ціску. Каб засцерагчы сябе ад розных наступстваў гіпертэнзіі, у тым ліку інсульту, перыядычна ціск неабходна вымяраць нават вонкава здаровым людзям.

Пры першых прыкметах інсульту — востра ўзніклай слабасці ў руцэ або назе, парушэнні вымаўлення, зроку, глытання, адчувальнасці ў канечнасцях, каардынацыі рухаў — неабходна тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?