Цяпер праваабаронцу Алеся Бяляцкага ў прысутнасці адваката дапытвае следчая група дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі.

Як паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка, допыт пачаўся каля 13.00, колькі ён будзе доўжыцца — невядома. Яна разам з жонкай Алеся Бяляцкага Наталляй прывезлі праваабаронцу перадачу, аднак яе не прынялі і спаслаліся менавіта на тое, што ідзе допыт. Наталлі Бяляцкай на кароткі тэрмін удалося сустрэцца з мужам, які, паводле яе слоў, «перадае ўсім прывітанне» і «трымаецца бадзёра».

Падчас допыту да жанчын выйшаў следчы і, як сказала Равяка, паведаміў, што пасля працэсуальнай працэдуры будзе прынята адно з трох рашэнняў: або з Бяляцкага здымуць падазрэнні і адпусцяць, або ён будзе памешчаны на 10 сутак у СІЗА МУС да прад’яўлення абвінавачання, або сёння ж будзе прад’яўлена абвінавачанне і праваабаронцу памесцяць у следчы ізалятар.

Віцэ-прэзідэнт МФПЧ, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня ў Мінску супрацоўнікамі дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК на трое сутак у якасці падазронага па справе, распачатай на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?