Хлопец уратаваў трэцякласніка. Ён паспеў таксама выцягнуць з 5-метровай глыбіні мужчыну, але ўратаваць таго ўжо было немагчыма.

Гэта здарылася на вадасховішчы Рагазніца Мастоўскага раёна, паведамляе «Гродзенская праўда». Дзмітрый Халупа, навучэнец Слонімскага сельскагаспадарчага вытворчага каледжа, ішоў разам з сястрой да вадаёма, каб пакупацца. Да іх падбег хлопчык і папрасіў дапамагчы — у вадзе тануў чалавек.

Падбегшы да берага, Дзмітрый убачыў у вадзе мужчыну і маленькага хлопчыка, які амаль схаваўся пад вадой. Не раздумваючы кінуся ў ваду. Першым выцягнуў на бераг хлопчыка, а потым кінуўся ратаваць мужчыну. Як адзначаць потым у мясцовым Таварыстве ратавання на вадзе, 16-гадовы падлетак здолеў выцягнуць сталага мужчыну з 5-метровай глыбіні. Ён самастойна дацягнуў яго да берага, спыніў машыну і праз кіроўцу выклікаў «хуткую». Да прыезду медыкаў пачаў рабіць штучнае дыханне. Але выратаваць 55-гадовага мужчыну ўжо было немагчыма.

За мужны ўчынак абласная структура Таварыства ратавання на вадзе будзе хадайнічаць аб уручэнні юнаку дзяржаўнай узнагароды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?