Еўрапарламентарыі, няўрадавая арганізацыя «Беларускі трыбунал» (Гаага) і грамадзянская ініцыятыва «Мы памятаем» праводзяць кампанію «Словы падтрымкі».
Падчас кампаніі члены Еўрапарламента будуць адпраўляць паштоўкі са словамі падтрымкі беларускім палітычным зняволеным і іх сем’ям, паведамляе сайт «Беларускага трыбунала».
Кампанія праходзіць пад патранажам былога міністра замежных спраў Эстоніі, еўрапарламентарыя Крысціны Оюланд.
«Гэтыя паштоўкі адпраўляюцца беларускім палітычным зняволеным і іх сем’ям як знак, што мы не забыліся пра іх і салідарныя з імі. Гэта проста сігнал беларускім уладам, яны павінны зразумець, што мы пільна сочым за тым, што адбываецца ў краіне», — сказала Оюланд.
Паводле яе слоў, бачыць дэмакратаў «за кратамі злачыннага рэжыму» непрымальна.
Нагадаем, раней Оюланд заклікала ўсе еўрапейскія кампаніі пакінуць Беларусь.
«Еўрапейскія кампаніі і інвестары павінны пакінуць Беларусь, калі яны не жадаюць атрымліваць крывавыя грошы і падтрымліваць прама ці ўскосна злачынны рэжым Лукашэнкі», — сказала яна на пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу 10 сакавіка.