Міністэрства інфармацыі Беларусі не кампетэнтнае тлумачыць сэнс паняццяў «казёл» і «вашывы».
Гэта вынікае з міністэрскага адказу магілёўцам, якія звярталіся з такой просьбай да міністра Алега Праляскоўскага. Аўтары звароту таксама намагаліся высветліць, ці з’яўляюцца прыдатнымі гэтыя словы для размоваў кіраўніка Беларусі з грамадзянамі.

Нагодай для звароту сталі выказванні Аляксандра Лукашэнкі ад 26 красавіка пра тое, што ён «не хоча гаварыць аб усялякіх Барозу, іншых казлах», а ў кіраўніцтва Украіны «вашывасці хапае».

У адказе, які падпісаў першы намеснік міністра Ігар Лапцёнак, гаворыцца, што пастаўленыя ў звароце пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю Міністэрства інфармацыі.

Адзін з аўтараў звароту, праваабаронца Барыс Бухель заяўляе, што міністэрства парушыла сваім адказам заканадаўства:

«Сваёй адпіскай чыноўнік груба парушыў закон „Аб зваротах грамадзянаў“.

Паводле яго, звароты грамадзян, якія паступілі ў дзяржаўныя органы да кампетэнцыі якіх яны не адносяцца, павінны перанакіроўваюцца ў іншыя ўстановы з такой кампетэнцыяй. Людзям таксама павінныя адпісаць і патлумачыць, чаму іх ліст быў перанакіраваны ў іншае месца. У выпадку з нашым зваротам Міністэрства інфармацыі гэтага не зрабіла. Цяпер будзем думаць, якім чынам рэагаваць на гэтае парушэнне».

Ініцыятарам звароту да міністра Праляскоўскага стаў магілёўскі будаўнік, сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксей Паўлоўскі. Ён заяўляе, што шмат людзей пасля выказванняў Лукашэнкі знаходзяцца ў разгубленасці й не ведаюць, як на іх рэагаваць. Паўлоўскі пракаментаваў адказ з міністэрства:

«Абсалютна ясна, што падначаленыя не хочуць выкрываць свайго боса Лукашэнку. Тыя ж людзі, якія падпісаліся пад зваротам, іх не шмат, усяго два дзясяткі, хочуць аднаго — каб чалавек, які паводзіць сябе па-хамску, адказаў за гэта.
Адказ міністэрства буду абскарджваць у пракуратуры й судах, калі спатрэбіцца».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?