Усё большы попыт на замежную валюту на пазабіржавым рынку, які па рашэнні Нацбанка спыніўся 24 траўня, можа перакінуцца на «чорны» рынак наяўнай валюты.

- Пазабіржавы рынак у цэлым і міжбанкавы ў прыватнасці стаіць. Калі ў найбліжэйшыя 1-2 дні рынак не зрушыцца з «мёртвай» кропкі, то попыт выльецца на «чорны» рынак наяўнай валюты, - заявіў interfax.by прадстаўнік аднаго з банкаў.

- Імпарцёры гатовыя наймаць людзей, якія будуць за плату стаяць у чэргах у абменніках, дамаўляцца з «валютчыкамі», гэта значыць шукаць наяўную замежную валюту для працягу дзейнасці імпарцёра. Фінансавыя патокі на рынку імпартных спажывецкіх тавараў канчаткова сыдуць у ценевую «гатоўку», - растлумачыў суразмоўца.

Паводле яго прагнозу, гэта выкліча рэзкі скачок «ценевага» курсу на наяўную замежную валюту і далейшае падаражэнне імпарту.

- Імпарт у любым выпадку будзе і далей даражэць, бо яго робіцца ўсё менш, хоць па шэрагу пазіцый ён ужо ўпіраецца ў плацежаздольны попыт насельніцтва, - сказаў банкір.

З іншага боку, па словах аднаго з аператараў «чорнага» наяўнага рынку замежнай валюты, цяпер у гэтым сегменце склалася парадаксальная сітуацыя: попыт на замежную валюту расце штодня, але «ценевы» курс захоўвае сваю стабільнасць на ўзроўні Br5,4-6 тыс. ужо як мінімум 6 дзён, нягледзячы на праведзеную ўчора дэвальвацыю афіцыйнага курсу на 55%. Нацбанк з яго афіцыйным курсам тут ні пры чым.

Асноўны попыт на гэтым рынку фармуюць дробныя індывідуальныя прадпрымальнікі, якія, як правіла, купляюць за адзін раз не больш за 1 тыс. даляраў.

Цяпер яны гатовыя купляць даляр у сярэднім па Br5,5 тыс., арыентуючыся на плацежаздольны попыт насельніцтва.

- Таму яны працуюць на ўмацаванне курсу. Вядома, ёсць і больш буйны попыт - ад 100 тыс. даляраў і вышэй, гэты попыт гатовы цяпер купляць і па Br6 тыс, і па Br6,5 тыс. за даляр. Але за адзін раз ніхто з «валютчыкаў» такую суму проста не можа прадаць. Няма такіх абарачэнняў. Няма валюты на рынку, - абмаляваў interfax.by сітуацыю суразмоўца.

Ён тлумачыць гэта трывалай насцярожанасцю насельніцтва, якое "не панесла» ў пункты абмену валют наяўныя даляры, нягледзячы на адчувальны рост курсу пакупкі ў абменніках - з Br4,5 тыс. да Br5 тыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?