Пра гэта гаворыцца ў паведамленні дэпартамента інфармацыйнай палітыкі ўкраінскага МЗС.

Нагадаем, 26 красавіка Лукашэнка падчас гутаркі з журналістамі ў Нароўлі (Гомельская вобласць) зрабіў рэзкія выказванні на адрас кіраўніцтва Украіны і Еўрасаюза. У прыватнасці, па адказ на пытанне, чаму ён не прысутнічаў ва Украіне на мерапрыемствах, прысвечаных 25-годдзю аварыі на ЧАЭС, Лукашэнка параіў звярнуцца да прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

«На жаль, вашывасці хапае і ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны. Пытанне трэба задаць Януковічу, чаму беларускі прэзідэнт не прысутнічае на іх мерапрыемствах», — сказаў Лукашэнка. Паводле яго меркавання, Кіеў пачаў «скакаць пад дудку» Бруселя ў адносінах з Беларуссю.

У каментары МЗС Украіны, тэкст якога мае БелаПАН, падкрэсліваецца, што аварыя на ЧАЭС з’яўляецца трагедыяй, якая аб’ядноўвае тры суседнія і дружалюбныя народы — украінцаў, беларусаў і расіян.

«Памяць пра ахвяр радыяцыйнай катастрофы павінна быць звяном кансалідавання для нашых краін. Менавіта з гэтых меркаванняў зыходзіў прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, запрашаючы сваіх калег — прэзідэнтаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь разам ушанаваць загінулых у выніку выбуху на ЧАЭС менавіта ў дзень, калі адбылася найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. У гэтым мерапрыемстве не было і не магло быць ніякай палітыкі.

У гэты дзень любыя сваркі і ўзаемныя прэтэнзіі тоесныя скокам на касцях», — гаворыцца ў каментарыі.

«Тым большае абурэнне выклікаюць беспрэцэдэнтна некарэктныя каментары прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Асабістыя абразы непрымальныя ў зносінах паміж людзьмі. Асабліва яны непрымальныя, калі абразлівыя выказванні адрасуюцца дзяржаўным дзеячам, якія выступаюць ад суверэнных краін і цэлых аб’яднанняў краін», — адзначаецца ў паведамленні МЗС.

Украінскае МЗС са шкадаваннем канстатуе, што «падыходы афіцыйнага Мінска да адносін з Еўрапейскім саюзам, многімі іншымі ўдзельнікамі міжнароднай супольнасці ў апошнія месяцы ўсё менш адпавядаюць нормам міжнародных зносін».

«Украінская дзяржава, украінскі народ непахісныя ў сваім цёплым, сяброўскім стаўленні да беларускага народа. У дзень памяці ахвяр трагедыі на ЧАЭС мы падзяляем боль нашых суседзяў, гэтак жа, як яны, не сумняваемся, падзяляюць нашу. Спадзяемся, кіраўніцтву Беларусі хопіць адказнасці перад уласнымі грамадзянамі вярнуцца да канструктыўнай палітыкі супрацоўніцтва і з Украінай, і з ЕС, якія жадаюць бачыць Рэспубліку Беларусь квітнеючай, дэмакратычнай і паспяховай», — адзначаецца ў каментарыі МЗС Украіны.

26 красавіка ў Чарнобылі сустрэліся прэзідэнты Расіі і Украіны. Дзмітрый Мядзведзеў і Віктар Януковіч усклалі кветкі да мемарыяла ліквідатарам аварыі на ЧАЭС, узялі ўдзел у цырымоніі закладкі першага каменя ў аснову помніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?