«Недаатрыманы прыбытак» — так сфармуляваны адзін з пунктаў абвінавачання ўдзельнікам пратэстаў 19 снежня 2010 года. Маўляў, у выніку іх несанкцыянаванага шэсця па праспекце, «Макдональдс», ГУМ і іншыя ўстановы па шляху не змаглі наведаць «простыя людзі». І пакінуць там частку заробленых грошай.

Не будзем акцэнтаваць увагу на тым, што шлях шматтысячнай калоны па праспекце заняў ад сілы гадзіну. А вось аб прэцэдэнце ужывання ў судзе фармулёўкі «недаатрыманы прыбытак» незалежным СМІ варта запомніць.

У снежні 2005 года, перад мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі, паўтара дзясятка незалежных газет былі выкінутыя з сістэмы распаўсюду.
І толькі праз тры гады некаторым удалося вярнуцца. Многія ў выніку збанкрутавалі. Многія развіваліся павольней, чым маглі б у нармальнай медыйнай сітуацыі.
Хто кампенсуе ім недаатрыманы прыбытак?

Дарэчы, чаму б не пафантазіраваць і не вылічыць недаатрыманае ад негалоснай забароны дзяржпрадпрыемствам даваць рэкламу ў незалежныя газеты? А яшчэ — ад штучнага абмежавання накладу. Калі нават пры мікраскапічным вяртанні «Белсаюздрук» не бярэ больш асобнікаў выдання на рэалізацыю. Матывуючы гэта тым, што «а мы не лічым патрэбным»?

А студэнты, адлічаныя з універсітэтаў «за палітыку»? Яны не здолелі атрымаць спецыяльнасць — таксама плюсуем. А пасаджаныя па дзьмутых палітсправах на суткі і гады? Яны адарваныя ад працоўнай дзейнасці, не могуць карміць сем’і — хто ім кампенсуе?

Ды няхай «палітыка» — тысячы прадпрымальнікаў пазбаўленыя магчымасці развіваць бізнэс толькі таму, што ўладзе выгадна трымаць насельніцтва ў дзяржсектары. Бо тады чалавек падкантрольны.

А прыбытак, недаатрыманы краінай у выніку эканамічнай палітыкі «хлеба і відовішчаў»?

Гэта ўсё мільярды і мільярды. Гэта вам не цана пяці кустоў «Ядлаўца казацкага», стаптаных на Плошчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?