На пачатак 2011 года ў зоне радыеактыўнага забруджвання ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС знаходзіўся 2.401 населены пункт (29 гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу і 2.372 сельскія населеныя пункты), ці 10,1% ад усіх населеных пунктаў Беларусі.

Як паведаміла прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у іх пражываў 1 млн. 140,4 тыс. чалавек, ці 12% насельніцтва (у гарадскіх населеных пунктах — 782,5 тыс., у сельскай мясцовасці — 357,9 тыс.).

Сярод тых, хто жыве на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, 19,3% складаюць дзеці ва ўзросце 0–17 гадоў (у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 148,3 тыс., у сельскай мясцовасці — 71,3 тыс.).

Найбольш пацярпелымі ў выніку аварыі на ЧАЭС з’яўляюцца Гомельская, Брэсцкая і Магілёўская вобласці. На пацярпелых тэрыторыях Гомельскай вобласці на пачатак 2011 года пражывала 879,3 тыс. чалавек (61,3% усяго насельніцтва вобласці), Брэсцкай — 116 тыс. чалавек (8,3%), Магілёўскай — 115,7 тыс. чалавек (10,6%).

У выніку перасялення насельніцтва з забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі і паляпшэння радыеактыўнай абстаноўкі колькасць насельніцтва, пацярпелага ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у параўнанні з пачаткам 1991 года скарацілася на 712,6 тыс. чалавек.

У сувязі з натуральным распадам цэзію-137 плошча радыеактыўнага забруджвання паступова памяншаецца. Паводле звестак Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, за апошнія пяць гадоў плошча зон радыеактыўнага забруджвання цэзіем-137 скарацілася на 1.100 тыс. гектараў і на 1 студзеня 2011 года склала 3.010 тыс. гектараў, ці 14,5% тэрыторыі краіны.

Плошча зямель са шчыльнасцю забруджвання 1–5 Кu/км2 займае 2.090 тыс. гектараў (амаль 70% ад агульнай плошчы забруджанай цэзіем-137), са шчыльнасцю забруджвання 5–15 Кu/км2 — 660 тыс. га (22%), 15–40 Кu/км2 — 220 тыс. га (7%). Зона са шчыльнасцю забруджвання 40 і больш Кu/км2 складае 45 тыс. га (1% ад агульнай плошчы забруджвання) і прыпадае на Гомельскую (40 тыс. га) і Магілёўскую (5 тыс. га) вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?