Наколькі гэта рэальна? Разбіраўся карэспандэнт «НН».

Міністэрства адукацыі выступіла з нечаканай інавацыйнай прапановай— замяніць школьныя падручнікі на электронныя планшэты. У памяці прылады мае захоўвацца інфармацыя з усіх падручнікаў за 1–11 класы. Такую ідэю агучыў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. Згодна з яго словамі, праект будзе запушчаны спачатку ў адной з вобласцяў, а пасля пашырыцца на ўсю краіну.

Што такое планшэты, або планшэтныя камп’ютары? Гэта маленькія камп’ютары з сэнсарным экранам, за якімі працуюць без клавіятуры і мышкі. На экран націскаюць пальцамі або стылусам — стрыжнем з завостраным канцом.

Даць працу «Інтэгралу»

Галоўная мэта праграмы — ашчаджэнне дзяржаўных грошай. Чыноўнікі падлічылі, што калі хаця б часткова адмовіцца ад выпуску падручнікаў, можна захаваць $7 мільёнаў. І ў дадатак нагрузіць працай «Інтэграл» і БДУ з БДУІРам. На завод хочуць «павесіць» выпуск новых гаджэтаў, а на ўніверсітэты — распрацоўку праграмнага забеспячэння.

Вось толькі ніхто, апроч Міністэрства адукацыі, наконт ідэі вытворчасці планшэтаў — ні сном ні духам.

Не адмаўляючы саму ідэю выпуску такога абсталявання, супрацоўнікі «Інтэграла» тактоўна намякаюць — нас без нас ажанілі. «Ніхто нават тэарэтычна не пралічваў магчымасць выпуску «навучальных планшэтаў», — паведамляюць у аддзеле збыту прадпрыемства. У інтэрнэце з’яўляюцца меркаванні, што выпуск «беларускіх» планшэтаў можа звесціся да наклейвання цэтліка «Інтэграл» на мадэлі кітайскай вытворчасці. Так ужо бывала, напрыклад, з маніторамі. Пакуль завод не мае ні адпаведных тэхналогій, ні вытворчых магчымасцяў.

А калі электронная кніга?

Што да ашчаджэння бюджэтных сродкаў, то варта параўнаць пакупку аднаго планшэта і адзінаццаці камплектаў падручнікаў за кожны клас. Па леташніх расцэнках

бацькі вучня выдаткоўвалі 210 тысяч рублёў ($70) за ўсе гады навучання
. У каталозе інтэрнат-крамаў shop.by

самы недарагі планшэтны кампутар каштуе каля 500 тысяч рублёў — 170 даляраў. Але ёсць яшчэ адзін варыянт, які можа замяніць падручнікі — электронная кніга коштам ад $120.

У яе існуе істотная перавага перад планшэтамі — зрок школьнікаў будзе псавацца не так хутка.

Напрыклад, амерыканская анлайн-кнігарня amazon.com прапануе электронныя кнігі Kindle экранам e-ink за $139 з убудаваным wi-fi. Пры выкарыстанні гэтай тэхналогіі экрана вочы стамляюцца не больш, чым ад чытання звычайнай папяровай кнігі.

Сінгапур хваліць, Расія лае

Праект можа цалкам запрацаваць не раней, чым праз дзесяць гадоў, прызнаюць у Мінадукацыі. Чыноўнікі абяцаюць улічваць досвед іншых краінаў. Напрыклад, Сінгапура і Паўднёвай Карэі. Там пачалі рэалізоўваць падобны праект тры гады таму. «Паддоследнымі трусікамі» сталі вучні пачатковых класаў. З падобнымі прапановамі выступалі і казахстанскія чыноўнікі. А вось у Расіі праект «планшэтызацыі» сябе не апраўдаў.

Сама ідэя пераходу ад папяровых падручнікаў да камп’ютарных выглядае цікавай і захапляльнай. З цягам часу яна ўсё адно мусіць рэалізавацца. Вось толькі зараз такі пераход упрэцца ў процьму невырашальных пытанняў. Што рабіць з тэхнічным абслугоўваннем планшэтаў, бо немаладыя настаўнікі наўрад ці разбяруцца ў іх. Як не апынуцца ў сітуацыі, што дзеці на ўроках будуць гуляць у стралялкі? Як, у рэшце рэшт, гарантаваць, што падчас перапынка планшэт не зваліцца з парты і бацькоўскія $300 не разаб’юцца аб падлогу беларускай школы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?