Набылі моц санкцыі ЗША ў дачыненні да ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно», што ўваходзяць у склад дзяржканцэрна «Белнафтахім».

Нагадаем, 31 студзеня Дзярждэпартамент ЗША аб`вясціў аб пашырэнні візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і аднаўленні санкцый у адносінах да вышэйназваных прадпрыемстваў. Гэтыя дзеянні сталі рэакцыяй на разгон дэманстрацыі ў Мінску вечарам 19 снежня і шматлікія арышты яе ўдзельнікаў.

Першапачаткова эканамічныя санкцыі ў дачыненні да «Белнафтахіма» былі ўведзены ЗША ў лістападзе 2007 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. У сакавіку 2008 года, пасля таго як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да ўсіх прадпрыемстваў, што ўваходзяць у склад канцэрна.

У верасні 2008 года Мінфін ЗША на паўгода змякчыў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно». Дзеянне гэтага рашэння неаднаразова прадаўжалася, апошнім разам — 30 лістапада 2010 года. Гэтае рашэнне, якое дае амерыканскім грамадзянам і кампаніям магчымасць супрацоўнічаць з названымі прадпрыемствамі, павінна было дзейнічаць да 31 мая 2011 года.

2 лютага прадстаўнік Дзярждэпа ЗША Лорэнс Сілверман, выступаючы ў Брукінгскім інстытуце ў Вашынгтоне, заявіў: санкцыі не з`яўляюцца пастаяннай палітыкай ЗША ў дачыненні да Беларусі. «Санкцыі — гэта не мэта, гэта не палітыка, гэта інструмент, спосаб уплыву. Мы пільна назіраем за тым, якія будуць змены. Мы па-ранейшаму патрабуем вызваліць усіх затрыманых на акцыях пратэсту і зняць з іх усе абвінавачанні, а пакуль пакідаем усе прадугледжаныя санцыямі абмежаванні ў сіле», — сказаў Сілверман.

Афіцыйны Мінск заявіў пра «абсалютную бесперспектыўнасць» санкцый. «Рашэнне Вашынгтона адкрыта парушае абавязацельства ЗША не прымяняць у адносінах да Рэспублікі Беларусь меры эканамічнага прымусу, якое было зафіксавана ў дзейным Будапешцкім мемарандуме 1994 года», — заявіла 1 лютага МЗС Беларусі.

«Мы пакідаем за сабой права на крокі ў адказ прапарцыянальнага характару. Беларускі бок зноў падкрэслівае сваю прынцыповую зацікаўленасць у падтрыманні канструктыўных адносінаў з ЗША, якія адпавядаюць інтарэсам як Рэспублікі Беларусь, гэтак і саміх Злучаных Штатаў», — падкрэслівалася ў заяве.

Прадстаўнікі «Белнафтахіма», ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно» ад каментарыяў адмовіліся.

На думку экспертаў, санкцыі ЗША не маюць на мэце паставіць беларускія прадпрыемствы на мяжу банкруцтва, а носяць у першую чаргу псіхалагічны характар.

Улічваючы, што «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно» сутыкаюцца з увядзеннем санкцый не першы раз, іх маркетынгавыя і кіраўніцкія службы да гэтага гатовы — абодва прадпрыемствы дыверсіфікавалі рынкі збыту сваёй прадукцыі, зазначаюць аналітыкі. Разам з тым, падкрэсліваюць яны, няма сумненняў у тым, што санкцыі псіхалагічна негатыўна ўплываюць на планы патэнцыяльных замежных інвестараў адносна Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?