У канцэртнай зале «Мінск» 18 лютага пройдзе 15-ы фестываль «Рок-каранацыя».

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 3 лютага ў Мінску заснавальнік фестывалю Юрый Цыбін, сёлета замест традыцыйнай цырымоніі ўзнагароджання лепшых музыкантаў года арганізатары фестывалю правядуць гала-канцэрт.

Паводле яго слоў, у ім возьмуць удзел вядомыя беларускія рок-гурты, якія раней былі адзначаныя на «Рок-каранацыі». Сярод іх — «Нейра Дзюбель», «Крама», N.R.M., «Без білета», Drum Ecstasy, «Палац», Kriwi, Rasta і інш. Ён адзначыў, што гала-канцэрт з удзелам пераможцаў прэміі розных гадоў — найлепшы спосаб падкрэсліць значнасць музычнай падзеі. Арганізатары фестывалю адмовіліся ад запрашэння на «Рок-каранацыю» замежных калектываў, бо лічаць яго толькі беларускім мерапрыемствам.

Як паведаміў суарганізатар фестывалю Павел Кашырын, нягледзячы на змяненні, на гала-канцэрце«Рок-каранацыі»

будуць вызначаныя пераможцы дзвюх намінацый — «Найлепшы альбом» і «Найлепшы гурт».

У спіс прэтэндэнтаў вылучаныя ўладальнікі гэтых узнагарод за ўвесь час існавання фестывалю. Вызначаць пераможцаў карыстальнікі беларускага партала «Тузiн Гiтоў», на якім праходзіць галасаванне.

Лідар гурту «Крама» Ігар Варашкевіч адзначыў, што ў Беларусі, у прынцыпе, не праводзіцца мерапрыемстваў, падобных да «Рок-каранацыі». «Спадзяюся, што фестываль стане святам у гэты сумны час», — сказаў ён.

Вакаліст, гітарыст гурту N.R.M. Піт Паўлаў паведаміў, што, як і было заяўлена раней, гурт выступіць на «Рок-каранацыі» без Лявона Вольскага. Паводле яго слоў, N.R.M. выканае некалькі новых песень і шэраг кампазіцый са старога рэпертуару гурту. Раней гурт прыняў рашэнне працягваць працу без Вольскага, бо ён на працягу апошніх гадоў «не ўдзельнічаў у дзейнасці гурту, адмаўляўся ад удзелу ў канцэртах і спасылаўся на занятасць».

Як адзначыў Паўлаў, гурт не выступаў на працягу апошняга года. «У вас ёсць унікальная магчымасць убачыць, як выглядае N.R.M. без Лявона Вольскага», — сказаў ён. «Можа быць, пазней штосьці зменіцца», — дадаў барабаншчык Алег Дземідовіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?