У Вільні палітыкі ЕС і ЗША абмяркуюць сёння сітуацыю ў Беларусі. Дыскусія пройдзе ў рамках міжнароднай канферэнцыі. На яе запрошаны палітыкі, дыпламаты, эксперты, журналісты.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі найперш адзначае надзвычай высокі ўзровень прадстаўніцтва Злучаных Штатаў Амэрыкі. Гэта — вядомыя сэнатары Джон Макейн і Джозэф Лібэрман:

«Гэтыя два сябры кангрэсу ЗША — вельмі ўплывовыя і знакавыя людзі ў амэрыканскай палітыцы. Гэта былыя кандыдаты ў прэзыдэнты і віцэ-прэзыдэнты.

Эўрапейскія структуры на сэмінары будуць прадстаўленыя больш сьціпла, пераважна літоўскімі палітыкамі. Сэмінар пройдзе ў памяшканьні парлямэнту.

Варта нагадаць, што краіны Балтыі фактычна заблякавалі намер некаторых іншых краін Эўразьвязу ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Літоўскі палітоляг Томас Янялюнас у размове са «Свабодай» сказаў, што бізнэс-інтарэсы краін Балтыі да Беларусі безумоўна існуюць і гэтыя краіны хочуць іх захаваць:

«Аднак я думаю, што ў большай ступені аргумэнты супраць эканамічных санкцыяў трымаюцца на той думцы, што яны так ці інакш закрануць увесь беларускі народ. І таму эканамічныя санкцыі ператворацца ў санкцыі супраць усіх, а ня толькі супраць рэжыму Лукашэнкі».

Палітоляг згадвае, што Літва падтрымлівае Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт — адзіны ў Эўропе ўнівэрсытэт у выгнаньні:

«Трэба знаходзіць як мага болей магчымасьцяў для жыхароў Беларусі наведваць Літву ды іншыя краіны Эўразьвязу, спрашчаць для іх візавы рэжым. Можна пазьбегчы эканамічных санкцыяў, але ў той жа час знайсьці новыя падыходы для беларускай апазыцыі. І, можа, нават павялічваць ім дапамогу, найперш моладзевым арганізацыям».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?