Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб’яўленні 2011 года Годам прадпрымальнасці. Адпаведны ўказ падпісаны 3 лютага.

«Гэты год з’яўляецца стартам новай пяцігодкі і закліканы надаць новы імпульс развіццю краіны, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта. — Калі на папярэдніх этапах развіцця сучаснага беларускага грамадства галоўным было адраджэнне і захаванне эканамічнага патэнцыялу Беларусі, то сёння перад грамадствам стаіць больш маштабная задача — зрабіць рашучы рывок ва ўсіх галінах і сферах дзейнасці, каб выйсці на ўзровень перадавых еўрапейскіх краін».

«Асноўнай паступальнай сілай гэтага рыўку з’яўляюцца прадпрымальнасць, актыўнасць і ініцыятыва, — адзначаецца ў паведамленні. — Цяпер ад прадстаўнікоў любой прафесіі патрабуецца быць не проста выканаўцамі, якія дзейнічаюць паводле шаблону, а сапраўднымі гаспадарамі свайго лёсу, творчымі і энергічнымі людзьмі».

Аб’яўленне Года прадпрымальнасці «падкрэслівае важкія дасягненні Беларусі ў стварэнні спрыяльных умоў для развіцця дзелавой актыўнасці і сімвалізуе скіраванасць беларускай дзяржавы ў будучыню, скіраванасць на прыярытэтную падтрымку людзей справы».

Год прадпрымальнасці «будзе спрыяць стварэнню новага аблічча беларускай эканомікі, разняволенню дзелавой актыўнасці і ініцыятывы, фарміраванню атмасферы здаровай канкурэнцыі, спрыяльных умоў для ўкаранення новых тэхналогій ва ўсіх сферах, павышэнню дабрабыту і якасці жыцця грамадзян», сцвярджаецца ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?