За 2010 год колькасць насельніцтва Беларусі зменшылася на 18,9 тыс.

На 1 студзеня 2011 года ў краіне пражывалі 9 млн. 481,1 тыс. чалавек, паведамляе Белстат са спасылкай на вынікі перапісу насельніцтва 2009 года і звесткі ўліку.

Скарачэнне колькасці насельніцтва абумоўлена перавышэннем на 29 тыс. 182 чалавекі колькасці памерлых над колькасцю народжаных пры станоўчым міграцыйным прыросце 10 тыс. 303 чалавекі.

У Мінску за мінулы год колькасць насельніцтва павялічылася з 1 млн. 843,7 тыс. да 1 млн. 864,1 тыс., у той час як у астатніх рэгіёнах краіны гэты паказчык знізіўся.

У прыватнасці, у Гомельскай вобласці на 1 студзеня налічвалася 1 млн. 435 тыс. жыхароў (на 1 студзеня 2010 года — 1 млн. 439,2 тыс.); Мінска — 1 млн. 411,4 тыс. (1 млн. 419,9 тыс.); Брэсцкай — 1 млн. 394,7 тыс. (1 млн. 399,2 тыс.); Віцебскай — 1 млн. 221,9 тыс. (1 млн. 229,4 тыс.); Магілёўскай — 1 млн. 88,1 тыс. (1 млн. 97,3 тыс.); Гродзенскай — 1 млн. 66 тыс. (1 млн. 71,3 тыс.).

За 2010 год у Беларусі нарадзіліся 108 тыс. 123 дзіцяці (на 1.140 менш у параўнанні з 2009-м годам), памерлі — 137 тыс. 305 чалавек (на 2.208 больш). Натуральнае змяншэнне насельніцтва склала 29 тыс. 182 чалавекі.

За мінулы год у краіну прыбылі 17 тыс. 169 чалавек, паехалі — 6 тыс. 866. Міграцыйны прырост склаў 10 тыс. 303 чалавекі.

Колькасць зарэгістраваных шлюбаў скарацілася на 1,5% (да 77 тыс. 640), разводаў — павялічылася на 4,6% (36 тыс. 655). На тысячу шлюбаў прыпадалі 472 разводы, у той час як за 2009 год — 445 разводаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?