Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў і прыняў да разгляду заяву аб парушэнні свабоды асацыяцый у Беларусі. Пра гэта паведаміў праваабаронца Алег Волчак.

Паводле яго слоў, скарга была прынята на пазбаўленне рэгістрацыі праваабарончай грамадскай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву». Яе падалі сам Волчак і юрыст Раіса Міхайлоўская. Былыя кіраўнікі «Прававой дапамогі насельніцтву» заявілі аб парушэнні свабоды асацыяцый пры ліквідацыі арганізацыі ў 2003 годзе.

Як нагадаў Волчак, восенню 2003 года арганізацыя была закрыта нібыта за парушэнні беларускага заканадаўства. «У скарзе ў ААН мы сцвярджалі, што ніякіх парушэнняў мы не рабілі. У прыватнасці, мы не аказвалі платную юрыдычную дапамогу — уся дапамога, якую мы аказвалі, была заснавана на добраахвотных і бязвыплатных падставах. Апрача таго, такім чынам быў парушаны артыкул 62 Канстытуцыі Беларусі, у якой гаворыцца, што кожны мае права на юрыдычную дапамогу, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў», — сказаў Волчак.

Ён зазначыў, што за час свайго пяцігадовага існавання «Прававая дапамога насельніцтву» аказала прававую дапамогу прыкладна 4.000 чалавек, актыўна прадстаўляла ў судах і органах дзяржаўнай улады інтарэсы інвалідаў, ветэранаў, адзінокіх маці, непаўналетніх, беспрацоўных і маламаёмных грамадзян.

«Я ведаю, што Камітэт ААН па правах чалавека ўжо прымаў рашэнні аб парушэнні свабоды асацыяцый у Беларусі. Адзінае — гэта вельмі працяглая працэдура. Таму гады праз два скаргу разгледзяць», — сказаў Волчак.

Праваабарончая арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву» ў гэты час зарэгістраваная ў якасці міжнароднага аб`яднання ва Украіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?