Дачка экс-кандыдата на выбарах прэзыдэнта Беларусі, вязьня КДБ Уладзімера Някляева на старонках расейскай «Новой газеты» складае дапаможнік для дзяцей рэпрэсаваных.

«Калі вашага бацьку дзяржава пабіла да страты прытомнасьці, а потым кінула ў турму, лепш за ўсё, калі вам на гэты момант больш трох гадоў ад роду. Таму што калі вам тры гады — вы наогул нічога не зможаце зрабіць. Вы будзеце сядзець моўчкі ў куце, пакуль у вашым дзіцячым пакоі будзе праходзіць ператрус. Нейкія людзі вам будуць гаварыць, што тата і мама «зьехалі, але абавязкова вернуцца». А калі за вамі прыйдуць, каб узяць у закладнікі і выкарыстоўваць супраць вашых жа бацькоў — вы нават наўрад ці зразумееце, што адбылося. Адзіная магчымасьць выказаць пазыцыю ў вашай сытуацыі — гэта не раўці. Што і робіць Данік, сын Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп. Бярыце з Даніка прыклад. Данік — сапраўдны сын пераможцаў», — піша Эва Някляева.

«Усё часьцей у тым, што нашым бацькам робяць вельмі-вельмі балюча, вінаватыя не падпітыя крымінальнікі з раёна, а дзяржава.

Паглядзіце на вашых бацькоў і правядзіце невялікі тэст. У вашага бацькі баліць сэрца за краіну? Гэта мінус 1. Ён нармальны чалавек і хоча нешта зьмяніць? Мінус 1. Удзельнічае ў грамадзкіх ці палітычных рухах? Дакладна мінус 1. Пры гэтым, ён вядомы і паважаны чалавек? Яшчэ мінус 1.

Пры наборы ад мінус двух балаў пачынайце рыхтавацца. Рана ці позна, за татам прыйдуць.

Майго бацьку білі па галаве і пакінулі ляжаць без прытомнасьці ў сьнезе. Потым яго цягнулі па падлозе з ложка ў рэанімацыі, а яго жонку трымалі, пакуль яна крычала аб дапамозе. Вось ужо месяц яго, зьбітага, трымаюць у турме і не дапускаюць да яго нават адваката.

Я ім вельмі ганаруся. Гэтак жа, як ганаруся Саньнікавым і Халіп і ўсімі тымі, чые імёны складаюць доўгі сьпіс людзей, напалоханых дзяржавай.
Гэта ж як трэба перапалохацца, каб вось так баязьліва напасьці на іх з-за сьпіны.

Дзіўна, што да гэтага часу не было выдадзена кароткага дапаможніка аб тым, што рабіць, калі твой бацька становіцца вязьнем сумленьня. Яно б зараз шматлікім людзям спатрэбілася. Нашае пакаленьне, несумненна, выправіць гэта памылку — я толькі спадзяюся, што наступнаму пакаленьню ён ўжо не спатрэбіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?