Сёньня суд разгледзіць пазоў газэты «Знамя Юности» да яе былога карэспандэнта па Берасьці Алеся Леўчука.
Газэта патрабуе, каб журналіст напісаў абвяржэньне апублікаванай на сайце Радыё Свабода і ўласным блогу інфармацыі пра сваё звальненьне.

Алесь Ляўчук кажа, што рэдакцыя патрабавала, каб ён напісаў артыкул, у якім асудзіў падзеі на Плошчы 19 сьнежня. Тое ж тычылася і матэрыялаў пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён адмовіўся пісаць падобныя тэксты, а пазьней ад рэдакцыі прыйшоў ліст з прапановай звольніцца па асабістаму жаданьню. Пасьля таго, як ён агучыў у недзяржаўных СМІ некаторыя акалічнасьці звальненьня з рэдакцыі, «Знамя Юности» накіравала позву ў суд.

Ірына Слабодзіч, намесьніца галоўнага рэдактара газэты «Знамя Юности» кажа, што на судзе ад газэты будзе толькі юрыст, ад камэнтароў намесьніца рэдактара адмовілася:

«Я не буду камэнтаваць акалічнасьці справы, наша позва знаходзіцца ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця. Усе нашы прэтэнзіі будуць агучаныя падчас судовага паседжаньня і ўсе камэнтары будуць пазьней.
Усё будзе ў межах закону. Асабістае меркаваньне тут не варта зараз агучваць. Давайце дачакаемся таго, што вырашыць суд».

Алесь Ляўчук лічыць, што прычына яго звальненьня палітычна матываваная:

«Я адмовіўся пісаць станоўча пра выбары ў Рэспубліцы Беларусь, пра падзеі на Плошчы. Яны жадаюць, каб я нёс адказнасьць і па крымінальнай справе, гэта артыкул 188 — паклёп. У позьве значыцца, што рэдакцыя патрабуе ад мяне разьмясьціць на старонках выданьня і на вэбсайце інфармацыю, што я нібыта ўвёў людзей у зман».

Рэдакцыя выданьня «Знамя Юности» адзначыла ў позьве, што пасьля выступаў Алеся Ляўчука, у рэдакцыю на электронную скрыню пачалі паступаць шматлікія негатыўныя камэнтары, такім чынам журналіст нанёс страту дзелавой рэпутацыі выданьня. Алесь Ляўчук кажа, што не пагаджаецца з такім абвінавачваньнем.

Судовае паседжаньне пачнецца 26 студзеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця, а 10 гадзіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?