Цягам двух тыдняў у Нью-Ёрку, у грамадскай зале Катэдральнага сабора св. Кірылы Тураўскага (Atlantic Ave, 401, Brooklyn) праходзіць выстава Алега Аблажэя, беларускага мастака, які стала жыве і працуе ў Вільні.

Алег Аблажэй у Нью-Ёрку.

Алег Аблажэй у Нью-Ёрку.

Экспазіцыю склалі больш як 30 твораў розных жанраў, напісаныя акварэллю або акрылікам. Ёсць партрэты, пейзажы, аднак пераважаюць рамантычныя кампазіцыі з выявамі жанчынаў у строях паводле ўзораў эпохі Адраджэння ці барока… Гераіні — прынцэсы, танцоркі, чараўніцы — матэрыялізуюць credo мастака, які ўслаўляе «вечна жаноцкае».

Выступоўцы на вернісажы між тым гаварылі пра аўтара гэтых прыгожых аркушаў як пра актывіста віленскай беларускай грамады, прыгадалі, што ён удастоены медаля «13 студзеня» за адвагу і самаадданасць, праяўленую пры абароне незалежнасці Літвы (1991), што ён піша вершы — шчымлівыя роздумы пра час і беларускі лёс, робіць густоўныя ілюстрацыі для кніжных выдавецтваў Вільні, Варшавы, Мінска, Масквы.

Аповед пра віленскую штодзённасць, які вельмі зацікавіў прысутных, мастак суправаджаў паказам сваіх шаржаў і карыкатур: партрэтнае падабенства і дасціпны аўтарскі гумар былі «на вышыні».

Зладзілі гэты візіт Алега Аблажэя ў ЗША актывісты Бруклінскага аддзела БАЗА (Беларуска-Амэрыканскага Задзіночання) і царкоўная рада Катэдральнага сабора св. Кірылы Тураўскага БАПЦ (Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы). І медальён з «Пагоняй», які падарылі мастаку на ўспамін пра сустрэчу, цяпер будзе своеасаблівым сімвалам беларускай салідарнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?