У менскім офісе праваабарончага цэнтру «Вясна» ў панядзелак адбыўся ператрус. Пазьней ператрусы былі праведзеныя на лецішчы ў праваабаронцы Алеся Бяляцкага і ў кватэры, дзе жыве ягоная сям’я.

Алесь Бяляцкі быў у панядзелак госьцем «Начной Свабоды: вынікаў дня».

«Пасьля таго, як у нас адбыўся вобшук у офісе і адтуль забралі ноўтбук, а таксама некаторыя даўнія паперы, чалавек, што праводзіў вобшук (Аляксандар Мацкевіч — ён адзіны адрэкамэндаваўся з усёй каманды) абвясьціў, што мы едзем на допыт у КДБ, хаця насамрэч машына паехала на маё лецішча. Тэлефон у мяне ўжо быў выключаны, і паведаміць пра гэта не было ніякай магчымасьці.

Калі мы прыехалі на лецішча, там ужо былі панятыя і зноў была пастанова на чарговы вобшук, і гэты вобшук доўжыўся на лецішчы дзьве з паловаю гадзіны.

Паралельна прыкладна, а 9 гадзіне вечара вобшук пачаўся і ў кватэры, дзе жывуць мае жонка і сын. Такім чынам, я сёньня быў абшуканы з ног да галавы. У выніку ператрусаў забралі толькі старыя паперы — дакумэнты, якія мелі дачыненьне да праваабарончай дзейнасьці трохгадовай даўнасьці. Нічога з таго, што іх цікавіла па справе 19 сьнежня, знойдзена не было.

Думаю, што яны моцна не расчараваліся, бо надта й не спадзяваліся што-небудзь знайсьці. Галоўная задача — ня тых, хто шукаў, бо яны проста выконвалі задачу, а тых, хто ставіў ім гэтую задачу — была, мне падаецца, у тым,

каб усё ж такі дэзарганізаваць працу праваабарончага цэнтру «Вясна», інфармацыйную працу, якую мы праводзім, і працу для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

Гэта ім ня ўдасца ў той меры, так, як яны плянавалі, бо пакуль мы самі знаходзімся на свабодзе, мы будзем выконваць свае праваабарончыя функцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?