Карэспандэнту расійскай газеты «КоммерсантЪ» Маўсуну Гаджыеву адмоўлена ў акрэдытацыі для ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці ў Беларусі.
Пра гэта Гаджыеў паведаміў БелаПАН.

Паводле яго словаў, усе дакументы на акрэдытацыю ён падаў у Міністэрства замежных справаў Беларусі ў канцы снежня мінулага года. «Я неаднаразова тэлефанаваў у МЗС пасля пачатку 2011 года, але мне казалі, што рашэнне яшчэ не прынятае. А 17 студзеня патэлефанавалі і сказалі, што прынятае: акрэдытацыя мне падоўжаная не будзе.

Я пацікавіўся прычынай такога рашэння, і мне заявілі, што ў акрэдытацыі мне адмовілі з прычыны «некаторых недакладнасцяў у маіх матэрыялах»,
 — сказаў Гаджыеў.

Як адзначыў журналіст, чалавек, які тэлефанаваў яму, не назваўся.

«Ён сказаў, што яго імя, прозвішча, пасада «не важныя».
У адказ на гэта я заявіў, што гэта важна мне, бо інфармацыя пра гэта будзе размешчаная ў «Коммерсанте». Але ён усё роўна адмовіўся назвацца», — сказаў Гаджыеў.

Маўсун Гаджыеў працаваў у Беларусі з канца 2008 года, і, па яго словах, раней у яго ніколі не ўзнікала праблем з акрэдытацыяй у МЗС. «Я лічу, што МЗС і прэс-служба зрабіліся закладнікамі неадэкватнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі», — заявіў журналіст.

«Сваю працу ў „Коммерсанте“ я пачынаў у Азербайджане. Мае матэрыялы пра тагачаснага прэзідэнта краіны, Гейдара Аліева, былі значна больш жорсткія, чым пра сітуацыю ў Беларусі. Тым не менш, МЗС Азербайджана ніколі не адмаўляў мне ні ў акрэдытацыі, ні ў каментарах», — падкрэсліў Гаджыеў.

Каментар беларускага МЗС пакуль атрымаць не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?