У Беларусі ў студзені-лістападзе 2010 г. сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі склалася адмоўнае і — 6404,8 млн даляраў,
паведамляе Белстат. Прагнозам на гэты год велічыня адмоўнага сальда вызначаная ў памеры 4600–4700 млн даляраў.

Аб’ём замежнага гандлю таварамі і паслугамі за студзень-лістапад 2010 г. склаў 59,1 млрд даляраў ЗША (на 19,6% больш, чым за студзень-лістапад 2009 г.), у тым ліку экспарт — 26,3 млрд даляраў (на 18% больш), імпарт — 32,8 млрд даляраў (на 20,9% больш).

У студзені-лістападзе 2010 г. назіралася павелічэнне вартасных аб’ёмаў замежнагандлёвых аперацый, што абумоўлена пераважна павышэннем сярэдніх цэн на экспартаваныя і імпартаваныя тавары. У параўнанні з студзенем-лістападам 2009 г. сярэднія цэны экспарту павялічыліся на 15,9%, імпарту — на 12,8%. За кошт іх павелічэння забяспечаны 67,5% прырост вартаснага аб’ёму імпарту тавараў і практычна ўвесь прырост экспарту (98,9%). Пры гэтым фізічны аб’ём экспарту павялічыўся на 0,2%, імпарту — на 6,6%.

У студзені-лістападзе 2010 г. сфармавалася адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі ў памеры 8380 млн даляраў супраць 6318,2 млн даляраў за студзень-лістапад 2009.

Асноўнымі крыніцамі фармавання адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі з’яўляюцца экспартна-імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектавальнікі).

У студзені-лістападзе 2010 г. у краіну ўвезена прамежкавых тавараў на суму 22,6 млрд даляраў, або на 20,6% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Экспарт прамежкавых тавараў склаў 14,2 млрд даляраў, што на 5,2% больш, чым у студзені-лістападзе 2009 г. Велічыня адмоўнага сальда замежнага гандлю прамежкавымі таварамі павялічылася з 5238,8 млн даляраў у студзені-лістападзе 2009 г. да 8382,6 млн даляраў у студзені-лістападзе 2010 г.

На энергетычныя тавары прыпадае 39,7% вартаснага аб’ёму экспарту і 46,4% імпарту прамежкавых тавараў. За студзень-лістапад 2010 г. на замежны рынак іх пастаўлена на суму 5627,1 млн даляраў, што на 19,4% менш, чым за студзень-лістапад 2009 года. Імпарт энергетычных тавараў склаў 10463,2 млн даляраў, што на 3,8% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Сальда замежнага гандлю энерганосьбітамі склалася адмоўнае ў аб’ёме 4836,1 млн даляраў. У студзені-лістападзе 2009 г. велічыня адмоўнага сальда складала 3100 млн даляраў.

Іншых прамежкавых тавараў імпартавана ў студзені-лістападзе 2010 г. на суму 12089,7 млн даляраў, што на 40,2% больш, чым у студзені-лістападзе 2009 г., экспартавана — на суму 8543,2 млн даляраў, або на 31,8% больш. Велічыня адмоўнага сальда склала 3546,5 млн даляраў супраць 2138,8 млн даляраў у студзені-лістападзе 2009 г.

Істотнае павелічэнне экспарту па гэтай групе тавараў выкліканае значным ростам вартаснага аб’ёму паставак на замежны рынак калійных угнаенняў (на 780,5 млн даляраў), чорных металаў (на 173,2 млн даляраў), шын (на 107,2 млн даляраў), частак і прылад для аўтамабіляў і трактароў (на 91,7 млн даляраў), капралактаму (на 63 млн даляраў), лесаматэрыялаў неапрацаваных (на 51,4 млн даляраў), правадоў ізаляваных і кабеляў (на 49,7 млн даляраў), тары пластмасавай (на 49,6 млн даляраў).

Адначасова павялічыліся вартасныя аб’ёмы імпартных закупак чорных металаў (на 809,9 млн даляраў), рухавікоў унутранага згарання (на 149,7 млн даляраў), цукру-сырца (на 139,5 млн даляраў), каўчуку сінтэтычнага (на 82, 2 млн даляраў), угнаенняў азотных (на 75,6 млн даляраў).

Павелічэнне паставак на замежны рынак інвестыцыйных тавараў адбылося ў выніку росту вартасных аб’ёмаў экспарту аўтамабіляў грузавых (на 379,8 млн даляраў), трактароў і седлавых цягачоў (на 129,1 млн даляраў), аўтамабіляў, прызначаных для перавозкі 10 і больш чалавек (на 61,5 млн даляраў), дарожнай і будаўнічай тэхнікі (на 42,5 млн даляраў), машын і механізмаў для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур (на 19,1 млн даляраў), металаканструкцый з чорных металаў (на 16,4 млн даляраў), вылічальных машын для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі (на 12,7 млн даляраў).

Адначасова павялічыліся імпартныя закупкі машын і механічных прыладаў спецыяльнага прызначэння (на 59,9 млн даляраў), трактароў і седлавых цягачоў (на 57,9 млн даляраў), дарожнай і будаўнічай тэхнікі (на 50,7 млн даляраў), апаратуры сувязі (на 45,5 млн даляраў), вылічальных машын для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі (на 40,8 млн даляраў), электрагенератарных установак (на 28,9 млн даляраў), машын для зборкі электрычных або электронных лямпаў (на 27,1 млн даляраў).

У выніку адмоўнае сальда па групе інвестыцыйных тавараў скарацілася з 673,8 млн даляраў у студзені-лістападзе 2009 г. да 363,3 млн даляраў у студзені-лістападзе 2010 г.

Сальда замежнага гандлю спажывецкімі таварамі ў студзені-лістападзе 2010 г. склалася дадатнае ў памеры 91,5 млн даляраў. У студзені-лістападзе 2009 г. яно мела адмоўнае значэнне і складала 342,5 млн даляраў.

Фармаванне дадатнага сальда замежнага гандлю спажывецкімі таварамі абумоўленае вынікам экспартна-імпартных аперацый па харчовай групе тавараў. Дадатнае сальда па гэтай групе ў студзені-лістападзе 2010 г. склала 1286,2 млн даляраў і павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам папярэдняга года ў 2,3 разу.

Павелічэнне экспарту прадуктаў харчавання адбылося ў выніку росту вартасных аб’ёмаў паставак малака і вяршкоў згушчаных і сухіх (на 221 млн даляраў), сыроў і тварагу (на 159,7 млн даляраў), цукру белага (на 120,8 млн даляраў), ялавічыны (на 96,3 млн даляраў), свініны (на 57,1 млн даляраў), масла (на 55,3 млн даляраў), малака і вяршкоў нязгушчаных (на 50,6 млн даляраў).

Экспарт нехарчовых тавараў павялічыўся за кошт росту паставак на замежны рынак мэблі (на 42,7 млн даляраў), халадзільнікаў і маразільнікаў (на 41,5 млн даляраў), трыкатажнага адзення (на 28,5 млн даляраў), панчошна-шкарпэткавых вырабаў (на 24,1 млн даляраў), лекавых сродкаў, расфасаваных для рознічнага продажу (на 23,6 млн даляраў), газавых пліт (на 17 млн даляраў), абутку (на 16,2 млн даляраў).

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі рэспублікі ў студзені-лістападзе 2010 г. былі: Расія — 47% ад усяго аб’ёму таваразвароту, Украіна — 7,5%, Нідэрланды — 5,2%, Германія — 4,8%, Кітай — 3,6%, Польшча — 3,4%, Венесуэла — 2,4%, Латвія — 1,7%, Злучанае Каралеўства і Італія — па 1,6%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?