19 студзеня еўрадэпутаты правядуць дэбаты па Беларусі, а 20 студзеня прагаласуюць па ўзгодненым тэксце рэзалюцыі, сведчыць расклад плянарнай сесіі Еўрапарламента, якая пройдзе 17–20 студзеня ў Страсбуры (Францыя).

«Еўрадэпутаты абмяркуюць сфальсіфікаваныя снежанскія выбары ў Беларусі, пасля якіх дэманстрантаў атакавала міліцыя, а апазіцыйныя лідары былі зняволеныя ў турму. Еўрадэпутаты прагаласуюць, якія санкцыі ЕС мусіць увесці супраць прэзідэнта Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў», гаворыцца на сайце Еўрапарламента.

Чакаецца, што 19 студзеня падчас дэбатаў па Беларусі адмысловую заяву зробіць Віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі/Высокі прадстаўнік ЕС па замежнай палітыцы Кэтрын Эштан.

Апрача таго, нявыключана, што пытанні па Беларусі будуць адрасаваныя старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэлю Барозу 18 студзеня падчас гадзінавай працэдуры адказаў чыноўніка на пытанні еўрапарламентарыяў.

Чакаецца, што на гэты раз тэкст рэзалюцыі па Беларусі будзе асабліва жорсткі.

Як паведаміў старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч 11 студзеня, яго б задаволіў тэкст рэзалюцыі, які б уключыў тры важныя рэчы. Гэта аднаўленне замарожаных санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, аблягчэнне ўезду ў ЕС беларускім грамадзянам і замарозка ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім Партнёрстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?