Інсульт — небяспечнае і, як гэта ні сумна, вельмі распаўсюджанае захворванне. Інсульт — частая прычына інваліднасці і смерці. З тых, хто перанёс інсульт, толькі кожны пяты можа вярнуцца да нармальнага жыцця і працы і амаль палова пацыентаў памірае ў першы год пасля захворвання.

Адна з непрыемных і небяспечных асаблівасцяў інсульту ў тым, што ў самым пачатку захворванне можа не мець ярка выражаных сімптомаў. (Тут трэба адзначыць, што існуюць дзве разнавіднасці немачы: інсульт гемарагічны і інсульт ішэмічны. Самастойна разабрацца ў тым, з якой менавіта формай інсульту давялося сустрэцца, цяжка. Ды і не трэба — на гэта ёсць спецыялісты.) Першыя этапы інсульту (а гэта не хвіліны, а гадзіны і нават суткі) часта праходзяць без болевых адчуванняў. Можа здранцвець рука або шчака, злёгку змяніцца мова, часам з'яўляецца галавакружэнне. Але такія сімптомы мала каго ўстрывожаць настолькі, каб выклікаць "хуткую". У выніку ўпускаецца каштоўны час, а потым спецыялістам значна цяжэй актыўна (а галоўнае, эфектыўна) умяшацца ў працэс хваробы.

Інсульт — гэта менавіта працэс, ад нязначных функцыянальных змен да неабарачальнага пашкоджання мозга. З пачатку развіцця хваробы ў медыкаў ёсць толькі некалькі гадзін, калі адэкватная тэрапія можа зменшыць памеры паражэння і палепшыць зыход захворвання. Большасць медыкаў абмяжоўваюць рамкі такога "акна тэрапеўтычных магчымасцяў" усяго ТРЫМА гадзінамі. Менавіта ў гэтыя тры гадзіны трэба паспець зрабіць усё магчымае, каб хворы апынуўся ў ліку тых шчасліўчыкаў, хто змог перажыць інсульт з мінімальнымі наступствамі.

Як жа не ўпусціць моманты, якія могуць каштаваць жыцця?

Па-першае, трэба пастарацца аб'ектыўна ацаніць стан хворага: ці ёсць асіметрыя твару (здранцвенне аднаго боку), ці прыкметныя якія-небудзь парушэнні мовы або адчуванне слабасці ў адной руцэ. Пры наяўнасці гэтых сімптомаў трэба тэрмінова тэлефанаваць у "хуткую дапамогу".

Па-другое, да прыезду медыкаў неабходна забяспечыць хвораму правільны догляд: пакласці на спіну, пад галаву — маленькую падушку, пры гэтым шыя не павінна згінацца, каб не пагоршыць крываток па пазваночных артэрыях. Адчыніце акно, каб паступала свежае паветра, пераканайцеся ў праходнасці дыхальных шляхоў (гэта асабліва важна, калі хворы без прытомнасці). Абавязкова дастаньце з рота (калі ёсць) здымныя зубныя пратэзы. Вымерайце хвораму ціск. Калі ён павышаны — дайце гіпатэнзіўныя прэпараты, якімі чалавек звычайна карыстаўся.

Па-трэцяе, зыход захворвання шмат у чым залежыць ад першай дапамогі, якую акажуць хвораму. Таму па прыездзе ў бальніцу настойвайце на правядзенні ўсіх неабходных прафілактычных працэдур і больш хуткага прызначэння пярвічнага лячэння.

І яшчэ адна важная парада для тых, чые блізкія патрапілі ў бяду — перажылі інсульт. Не ўпадайце ў паніку! Ваш пазітыўны настрой і вера ў лепшае стануць асновай эмацыйнай і духоўнай падтрымкі, такой неабходнай хвораму.

Тры асноўныя прыёмы распазнавання інсульту

на месцы, так званыя "УЗП"

Папрасіце пацярпелага:

У — усміхнуцца. Пры інсульце ўсмешка можа быць крывая (вугалок вуснаў з аднаго боку накіраваны ўніз, а не ўверх).

З — загаварыць. Вымавіць просты сказ, напрыклад: "За акном свеціць сонца". Пры інсульце часта (але не заўсёды!) назіраецца парушэнне вымаўлення (ці неразуменне маўлення).

П — падняць абедзве рукі. Калі рукі падымаюцца не аднолькава — гэта можа быць прыкметай інсульту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?