Колькасць падазроных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску павялічылася з 17 да 19 чалавек (дабавіліся былы кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус і давераная асоба Уладзіміра Някляева Сяргей Вазняк).

Такім чынам, паводле інфармацыі праваабарончага сайта spring96.org, сярод падазроных па справе, распачатай на падставе чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), — сем з дзесяці кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах-2010: Рыгор Кастусёў, Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус.

У ліку падазроных таксама кіраўнік перадвыбарнага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў, адзін з каардынатараў штаба Някляева палітолаг Аляксандр Фядута, кіраўнік выбарчага штаба Саннікава Уладзімір Кобец, давераная асоба Рымашэўскага сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Апрача таго, статус падазроных маюць старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка, намеснік старшыні міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Анастасія Палажанка, былы супрацоўнік міліцыі Аляксандр Класкоўскі.

У гэтым жа спісе — карэспандэнт расійскай «Новой газеты» жонка Саннікава Ірына Халіп, журналістка рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, прэс-сакратар выбарчага штаба Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў.

Згодна з ч. 1 арт. 293 КК «арганізацыя масавых беспарадкаў, што суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў».

У адпаведнасці з ч. 2 арт. 293 КК «удзел у масавых беспарадках, які праявіўся ў непасрэдным учыненні дзеянняў, названых у частцы першай гэтага артыкула, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў».

Апрача таго, паведамляюць праваабаронцы, затрыманыя напярэдадні выбараў, 18 снежня, актывісты «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч (старшыня), Эдуард Лобаў і Дзяніс Лазар праходзяць падазронымі па справе, распачатай на падставе ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства). Ім можа пагражаць абмежаванне волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад трох да дзесяці гадоў.

Большасць падазроных знаходзяцца ў зняволенні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?