Кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Сяргей Марцалеў, зняты ў ноч на 23 снежня з цягніка Мінск — Варшава беларускімі пагранічнікамі, перададзены міліцыі.

Марцалеў паведаміў БелаПАН па тэлефоне, што затрыманне адбылося на станцыі Брэст-Цэнтральны. Прыкладна праз паўтары гадзіны ён быў дастаўлены ў найбліжэйшы райаддзел міліцыі. «Цяпер сяджу тут. Кажуць, што начальства будзе раніцай», — сказаў Марцалеў.

Кіраўнік выбарчага штаба Статкевіча накіроўваўся ў сталіцу Польшчы

паводле запрашэння тэлеканала «Белсат» на запіс перадачы.

Мікалай Статкевіч з’яўляецца адным з сямі былых кандыдатаў у прэзідэнты, якія праходзяць у якасці падазроных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску вечарам 19 снежня. Палітык, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, аб’явіў галадоўку і адмовіўся ад давання паказанняў. Усяго, паводле звестак праваабаронцаў, статус падазроных маюць 19 чалавек.

Сяргей Марцалеў у якасці даверанай асобы Статкевіча 5 снежня ўдзельнічаў у дэбатах кандыдатаў у прэзідэнты на першым канале Беларускага радыё.

19 і 20 снежня ў Мінску на вуліцах і ў кватэрах было затрымана больш як 600 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?